Печать
Родительская категория: Алфавітны паказальнік
Категория: К
Просмотров: 1345

Назва вескі: КАСЦЮКОЎКА

Месцазнаходжанне:

Вёска ў Ліцвінавіцкім с/с, за 17 км на ПнУ ад Кармы, за 72 км ад чыг. ст. Рагачоў (на  лініі Магілёў – Жлобін); на р. Сож (прыток р. Дняпро). Транспартныя сувязі па прасёлачнай і далей  аўтадарозе Ліцвінавічы – Карма. 

Гістарычная даведка:

Аб дзейнасці чалавека ў гэтых мясцінах у глыбокай старажытнасці сведчыць  выяўленае археолагамі  паселішча  каменнага і бронзавага  вякоў  (за 0,8  км  на  Пд  ад  вёскі,  ва  ўрочышчы  Узлужжа).  Паводле пісьмовых  крыніц  вядома  з  пач.  20  ст.  як вёска ў Рагачоўскім пав. Магілёўскай  губ. У 1931  г. арганізаваны  калгас  «Чырвоны  бераг», працавалі вятрак і  кузня. У Вял. Айч. вайну 22.11.1943 г. вызвалена  ад  ням.-фаш. акупантаў. Паводле перапісу 1959 г. 180 жыхароў. У 1979 г. да вёскі далучана суседняя в. Міхееўка. Уваходзіла ў склад саўгаса  «Руднянскі» (цэнтр – в. Залатаміно). Побач  невял.  радовішчы мелу і крэменю. На момант аварыі: малочна-таварная ферма, 36 двароў, 74 чалавекі.

Звесткі аб помніках прыроды, гісторыі, культуры:

Паселішча (археал.). Эпоха каменнага і бронзавага вв. За 0,8 км на поўдзень ад вёскі ва ўрочышчы Узлужжа. Выявіў у 1924 г. К.М. Палікарповіч, абследавала ў 1975 годзе А.Г.Калечыц. У культурным пласце 0,15м знойдзены крамянёвыя вырабы і рэшткі ляпной керамікі. Частка пласціністых наканечнікаў стрэл, магчыма, эпохі мезаліту. Курган Славы. За 0,5 км на поўнач ад вёскі, на беразе р.Сож. У памяць аб гераізме сав. воінаў на месцы прарыву варожай абароны ў лістападзе 1943 г. (за 0,5 на Пн ад вёскі, на беразе р. Сож) насыпаны ў 1968 г. Курган Славы, каля яго асновы ўстаноўлена пліта з апісаннем подзвігу Героя Савецкага Саюза М.Г. Калінкіна.

Звесткі аб знакамітых ураджэнцах:

Пімашэнка Аляксандр Пятровіч, нарадзіўся 21.06.1935 г. Доктар тэхнічных навук, прафесар. Заслужаны акадэмік навукі і тэхнікі Расіі. Працуе рэктарам Балтыйскай дзяржаўнай акадэміі рыбнай прамысловасці і флоту. Аўтар больш за 80 навуковых прац, 14 вынаходніцтваў. Узнагароджаны ордэнам «Дружбы народаў» (1996 г.).

Звесткі аб адсяленні:

У сувязі з радыяцыйным забруджаннем пасля Чарнобыльскай катастрофы жыхары (36 сямей) пераселены ў 1990-я  г. ў чыстыя месцы.