Печать
Родительская категория: Алфавітны паказальнік
Категория: К
Просмотров: 316

Назва вескі: КУЗЬМІЧЫ

Месцазнаходжанне:

Вёска ў Скараднянскім  с/с,  за  121  км  на  ПдЗ  ад  Ельска,  5  км ад  чыг.  ст.  Славечна (на  лініі  Ельск Оўруч), 138 км ад Гомеля; у сутоку рэк Славечна і Батыўля.  Транспартныя сувязі па прасёлачнай, потым аўтадарозе Новая Рудня Ельск.

Гістарычная даведка:

У  1900  г.  ў  вёсцы  знойдзены  скарб (285  грашовых  адзінак  Рэчы  Паспалітай,  Прусіі,  Прыбалтыкі;  захаваны  ў 1652  г.).  Паводле  пісьмовых  крыніц  вядома  з  18  ст.  як  сяленне ў Мазырскім пав. Мінскага  ваяв. Пасля  2-га  падзелу Рэчы  Паспалітай  (1793  г.)  у  складзе  Рас. імперыі. У 1795 г. ўладанне  Радзівілаў, дзейнічала  Троіцкая  царква.  У  1811  г.  14 двароў,  у  Мазырскім  павеце  Мінскай губ. У 1834 г. 18  двароў,  96  жыхароў.  У 1850  г.  сяло,  33  двары, 158 жыхароў. Праз  вёску  праходзіў  тракт  з  Мазыра  ў Жытомір,  мелася  паштовая  станцыя  (8 экіпажаў).  Уваходзіла  ў  склад  аднайменнага  маёнтка, гаспадары  якога  Дабравольскія  валодалі ў 1876 г.  3380  дзее. зямлі.  У  1885  г.  26  двароў,  222  жыхары. Паводле  перапісу 1857 г.  66  двароў,  406 жыхароў,  царква,  хлебазапасны  магазін, школа  граматы,  карчма. У  1910  г.  адкрыта  земская  школа,  якая  размясцілася ў  наёмнай  сял.  хаце,  а  ў  пач. 1920-х гадоў  яна  атрымала  сваё  памяшканне. У 1917 г. 605  жыхароў,  у Скараднянскай вол. Побач  былі  3  аднайменныя фальваркі. У 1921 г. 121  двор, 927  жыхароў. У 1924  г. 137  двароў.  З  20.8.1924 г.  да  16.7.1954  г.  цэнтр  Кузьміцкага с/с Каралінскага, з  5.2.1931  г.  да  26.7.1930 г.,  з  21.6.1935  г.  да  20.2.1938 г. Ельскага раёнаў  Мазырскай  акругі,  з  20.2.1938  г. Палескай,  з  8.1.1954  г.  Гомельскай  абл. У 1929 г. арганізаваны  калгас  «Беларуская  камуна»,  працавалі  вадзяны  млын  (з 1918  г.)  і  кузня. Значную частку  перавозак праз сплаўную прыстань, што размяшчалася ў вёсцы, складалі  лесаматэрыялы. У 1940 г. 161 двор. У  Вял.  Айч. вайну  12.6.1943  г. ням.-фаш. карнікі спалілі  вёску, а 96 жыхароў  сагналі ва ўрочышча Пудаўка  (2 км на У ад вёскі) і  расстралялі (пахаваны ў магіле ахвяр фашызму), 61 вясковец загінуў на фронце. Паводле  перапісу 1959 г. 375 жыхароў. Уваходзіла  ў  склад  саўгаса  «Скарад- нянскі»  (цэнтр в. Скароднае). Перад аварыяй на ЧАЭС у склад вёскі ўваходзіла 135 двароў, дзе пражывала 135 сем’яў, колькасць чалавек 353, знаходзіўся 1 магазін, сельскі клуб, бібліятэка, пачатковая школа, ФАП. 

Звесткі аб помніках прыроды, гісторыі, культуры:

Могілкі ахвяр фашызму. За 2 км. на ўсход ад в. Кузьмінічы, ва ўрочышчы Пудаўка. 12.06.1943 г. нямецка-фашысцкія акупанты акружылі веску, 96 жыхароў сагналі ва ўрочышча Пудаўка і расстралялі. У 1957 г. на могілках устаноўлены стэла і 2 абеліскі.

Звесткі аб знакамітых ураджэнцах:

Радзіма ўдзельніка грамадзянскай вайны, гасп. кіраўніка С.М. Калбасіна, узнагароджанага ў 1920 годзе ордэнам Чырвонага сцяга (яго  імем  названа  вуліца  ў  Ельску); Аляксея Фаміча Трафімава, заслужанага настаўніка БССР, Вольгі Іванаўны Малюк, заслужанай настаўніцы БССР.

Звесткі аб адсяленні:

У сувязі з радыяцыйным забруджаннем пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС  жыхары  ў 1986 г. пераселены ў чыстыя месцы.

Звесткі аб бібліятэцы:

Дата адкрыцця: 01.01.1950 – 31.12.1950

Кніжны фонд: 5023

Колькасць чытачоў: 236

Дата закрыцця: 01.01.1992 – 31.12.1992

Бібліятэкар, праводзіушы закрыццё: Антропава Лідзія Адамаўна