Печать
Родительская категория: Алфавітны паказальнік
Категория: Х
Просмотров: 562

Назва вескі: ХЛЯУНО

Месцазнаходжанне:

Вёска ў Ліцвінавіцкім с/с, за 21 км на ПнУ ад Кармы, за 76 км ад чыг. ст. Рагачоў (на лініі Магілёў – Жлобін), за 131 км ад Гомеля; на У мяжуе з лесам. Транспартныя сувязі па прасёлачнай, потым аўтадарозе Ліцвінавічы – Карма.

Гістарычная даведка:

Аб дзейнасці чалавека ў гэтых мясцінах у глыбокай старажытнасці сведчыць курганны могільнік – 4 насыпы (за 0,3 км на У ад вёскі, на ўсх. ускраіне могілак). Паводле пісьмовых крыніц вядома з 16 ст. як сяленне ў Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. ВКЛ, шляхецкая уласнасць. Пасля І-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) у складзе Рас.  імперыі. У 1898 г. адкрыта царк.-прыходская школа, якая размясцілася ў наёмнай сял. хаце, а ў 1900 г. пабудавана для яе ўласнае памяшканне. Часта вёска цярпела ад пажараў, асабліва ў 1920-я г. З 20.8.1924 г. да 15.9.1974 г. цэнтр Хляўнянскага с/с Кармянскага, з 25.12.1962 г. Рагачоўскага, з 6.1.1965 г. Чачэрскага, з 30.7.1966 г. Кармянскага р-наў Магілёўскай (да 26.7.1930 г.) акругі, з 20.2.1938 г. Гомельскай вобл. Дзейнічаў саўгас «Хляўно», у 1929 г. арганізаваны калгас імя М. Горкага, працавалі З ветракі і кузня. У Вял. Айч. вайну ў баях каля вёскі загінулі 290 воінаў і 5 партызан (пахаваны ў брацкай магіле ў цэнтры вёскі). Паводле перапісу 1959 г. 590 жыхароў.  Уваходзіла ў склад саўгаса «Руднянскі» (цэнтр – в. Залатаміно). На момант аварыі: МТФ, аддзяленне сувязі, НСШ, магазін, бібліятэка, 87 двароў, 236 чалавек.

Звесткі аб помніках прыроды, гісторыі, культуры:

Курганны могільнік (археал.).За 0,3 км на ўсход ад вёскі, на усходняй ускраіне могілак, з правага боку ад дарогі на в. Міхееўка. 4 насыпы вышынёй 1,2 - 1,7 м., дыяметрам 7-10 м. Абследавалі у 1956 г. В.М. Мельнікоўская, у 1976 г. В.І. Шадыра. Раскопкі не праводзіліся. Абеліск на брацкай магіле савецкіх воінаў. На могілках. Пахаваны воіны 283-яй стралковай дывізіі, якія загінулі у 1943 г. у баях за вызваленне в. Хляўно ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1958 г. на магіле пастаўлены абеліск. Помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан. Каля сярэдняй школы. Пахаваны 290 воінаў, якія памерлі у 1943 г. ад ран у палявым шпіталі, і 5 партызан. У 1958 г. на магіле пастаўлены помнік – скульптура воіна.

Звесткі аб знакамітых ураджэнцах:

Дзеружынскі Авяр’ян Сафонавіч, нарадзіўся 10.06.1919 г. Беларускі пісьменнік. Лаурэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра. Закончыў Магілёўскі газетны тэхнікум (1937), Камуністычны інстытут журналістыкі у Мінску (1941). Працаваў загадчыкам аддзела газеты “Чырвоная змена” (1945-1949), рэдактарам выдавецтва “Беларусь” (1949-1971), выдавецтва “Мастацкая літаратура” (1972-1980), выдавецтва “Юнацтва” (1981-1984). Член СП СССР з 1964 г. Аўтар зборнікаў вершаў “Песні маладосці” (1959), “Калінавы цвет” (1961), “Бярозавы вецер (1990), “Веснавей” (1994), зборнікаў вершаў для дзяцей “Цуды ёсць на свеце” (1960), “Дзе жыве зіма” (1962), “Карагод” (1963), “Ляцелі дзве птушкі” (1964), “Добры ветрык” (1968), “Ластаўка” (1971), “Добрае сэрца” (1980), “Залаты каласок” (1989) і інш. Многія вершы пакладзены на музыку, сярод якіх “Мяцеліца”, “Мінскі вальс”, “Дзявочая лірычная”, “Нездаровіцца”, “Сабірайся ў госці, мой дзядок”. Памёр 03? (04?). 01.2002 г.

Клімянкоў Іван Пракопавіч, нарадзіўся 07.11.1946 г. Беларускі пісьменнік. Скончыў Ліцвінавіцкую сярэднюю школу (1965), Беларускі дзяржаўны універсітэт (1970). Працаваў настаўнікам у Любанскім раёне, сакратаром камсамольскай арганізацыі Смілавіцкага СПТВ-23 Чэрвеньскага раёна, выхавацелем у рабочым інтэрнаце Мінскага аўтамбільнага завода, будаўніком у Касцюковіцкім сельгасбудзе і калгасе “Перамога” Валожынскага раёна. Член СП СССР з 1987 г. Аўтар кнігі апавяданняў “Сеанс гіпнозу” (1987).

Звесткі аб адсяленні:

У сувязі з радыяцыйным забруджаннем пасля Чарнобыльскай катастрофы жыхары (81 сям’я) пераселены ў пач. 1990-х г. у чыстыя месцы.

Звесткі аб бібліятэцы:

Дата адкрыцця: 27.02.1968. Рашэнне выканкама Кармянскага раённага Савета дэпутатаў працоўных №62 ад 27.02.1968г.

Кніжны фонд: 5424

Колькасць чытачоў: 40

Дата закрыцця: 01.11.1992

Бібліятэкар, які праводзіў закрыццё: Караткевіч Андрэй Андрэевіч.

№ дакумента: Рашэнне выканкама №196 ад 07.10.1992 г.