Печать
Родительская категория: Алфавітны паказальнік
Категория: Л
Просмотров: 508

Назва вескі: ЛУНАЧАРСК

Месцазнаходжанне:

Пасёлак у Ліцвінавіцкім с/с, за 25 км на ПнУ ад Кармы, за 80 км ад чыг. ст. Рагачоў (на лініі Магілёў – Жлобін), за 135 км ад Гомеля; на Пн мяжуе з лесам. Транспартныя сувязі па прасёлачнай, потым аўтадарозе Ліцвінавічы – Карма.

Гістарычная даведка:

Аб дзейнасці чалавека ў гэтых мясцінах у глыбокай старажытнасці сведчыць выяўленае археолагамі гарадзішча мілаградскай і ранняга этапу зарубінецкай культур, датуецца 6 ст. да н.э.  –  З  ст. н.э. (за 0,8 км на У ад пасёлка, ва ўрочышчы Гарадок, на правым беразе р. Сож). Пасёлак заснаваны ў 1920-я г. перасяленцамі з суседніх вёсак на былых памешчыцкіх землях. У 1931 г. пасялкоўцы ўступілі ў калгас. Паводле перапісу 1959 г. 93 жыхары. Уваходзіў у склад саўгаса «Руднянскі» (цэнтр – в. Залатаміно). На момант аварыі: 14 двароў, 25 чалавек.

Звесткі аб помніках прыроды, гісторыі, культуры:

Гарадзішча (археал.). За 0,8 км. на ўсход ад пасёлка, ва ўрочышчы Гарадок, на правым беразе р. Сож. Памеры 66 х 57,5 м. Вышыня гарадзішча над поймай ракі 16 м. З боку поля пляцоўку абмяжоўваюць вал вышынёй 1,2 м., шырынёй 0,4 – 0,6 м. і роў глыбіней 1,8м. Яшчэ адзін дугападобны вал даўжынёй 20м. і шырынёй 4м. прасочаны ў паўночна-ўсходняй частцы пляцоўкі. Вядома з 1873 г. У 1936 г. А.М. Ляўданскі і А.Дз. Каваленя заклалі пры абследаванні гарадзішча 2 шурфы. Культурны пласт 0,9-1м. У ім знойдзены абпаленыя камяні, косці жывёл, абломкі ляпнога, часткова штрыхаванага посуду. У 1976 г. гарадзішча абследаваў В.І. Шадыра. Адносіцца да мілаградскай і ранняга этапу зарубінецкай культур, датуецца 6 ст. да н.э. – 3 ст. н.э.

Звесткі аб адсяленні:

У сувязі з радыяцыйным забруджаннем пасля Чарнобыльскай катастрофы жыхары (9 сямей) пераселены ў пач. 1990-х г. у чыстыя месцы.