Назва вескі: АСІНАЎКА

Месцазнаходжанне:

Вёска ў Палескім с/с, за 30 км. на ПнУ ад Чачэрска, 67 км. ад ст. Буда-Кашалёўская (на лініі Гомель—Жлобін), 95 км. ад Гомеля, на р. Проня, на Пд — Чачэрскі біял. заказнік. Транспартныя сувязі па прасёлачнай, потым аўтадарозе Рудня-Барталамееўская — Чачэрск.

Гістарычная даведка:

Паводле пісьмовых крыніц вядома з 18 ст. як сяленне ў Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. Паводле інвентару Меркулавіцкага староства 1820 г. сяло. У 1863 г. памешчык Сенажэцкі меў у вёсках Асінаўка, Шарахаў і Салтанаўка 616 дзес. зямлі, а таксама карчму, крупарушку і вятрак. У 1881 г. 52 двары, 317 жыхароў, хлебазапасны магазін. Паводле перапісу 1897 г. вёска (65 двароў, 478 жыхароў, школа граматы, хлебазапасны магазін, 2 ветракі) і фальварак (2 двары, б жыхароў). У 1909 г. 77 двароў, 524 жыхары, 800 дзес. зямлі. У 1926 г. 89 двароў, паштовы пункт, школа. З 8.12.1926 г. да 30.12.1927 г. цэнтр Асінаўскага с/с Чачэрскага р-на Гомельскай акругі. У 1930 г. арганізаваны калгас «Пераможца», працавалі кузня і смалакурня. У 1940 г. 118 двароў, 617 жыхароў. У Вял. Айч. вайну ням. акупанты стварылі ў вёсцы свой апорны пункт, які партызаны разграмілі. У ліст. 1942 г. карнікі спалілі вёску і загубілі 36 жыхароў. 64 вяскоўцы загінулі на фронце. Паводле перапісу 1959 г. 468 жыхароў. Уваходзіла ў склад саўгаса «Сож» (цэнтр — в. Сідаравічы).

Звесткі аб помніках прыроды, гісторыі, культуры:

Гарадзішча ранняга жалезнагу веку за 1,5 км. на ўсход ад вёскі, на левым беразе р. Покаць, за мастом.

Могільнік 1. За 1,4 км. на ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Сутокі налічвае 13 насыпаў.

Курганны могільнік 2. У гэтым жа урочышчы налічвае 5 курганоў.

Звесткі аб адсяленні:

У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджання жыхары (97 сямей) пераселены ў 1992 г. ў чыстыя месцы.