Назва вескі: БАРБА

Месцазнаходжанне:

Вёска ў Веткаўскім гарсавеце, за 13 км. на У ад Веткі, 34 км. ад Гомеля. Транспартныя сувязі па прасёлачнай, потым аўтадарозе Старое Закружжа — Ветка.

Гістарычная даведка:

(Да 1928 г. Раманава). Па пісьмовых крыніцах вядома з пач. 19 ст. як слабада Раманава ў маёнтку Хальч. Пасля І-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) у складзе Вылеўскай вол. Гомельскага пав. Магілёўскай губ. Рас. імперыі. З 1802 г. дзейнічала царква, а ў 1868 г. для яе пабудаваны новы будынак. Уладальнік фальваркаў Раманава, Церабоўка, Папсуеўка меў у 1876 г. 3814 дзес. зямлі. З 1880 г. працаваў хлебазапасны магазін. Паводле перапісу 1897 г. 70 двароў, 668 жыхароў, стараверскі малітоўны дом, хлебазапасны магазін, 2 ветракі, лаўка. У 1909 г. 85 двароў. Побач была другая аднайменная слабада, 62 двары. Пазней гэтыя сяленні склалі адзін населены пункт, у якім у 1926 г. былі 183 двары, 859 жыхароў, дзейнічалі паштовае аддз., школа, лаўка. З 8.12.1926 г. да 30.12.1927 г. цэнтр Барбянскага с/с Веткаўскага р-на Гомельскай акр. У 1929 г. арганізаваны калгасы «Вязувій», «Ударнік» і «Партызан», працавалі конная крупарушка (з 1915 г.), вятрак (з 1929 г.), З кузні. У Вял. Айч. вайну ў вер. 1943 г. ням. акупанты спалілі вёску і загубілі 4 жыхароў. 82 вяскоўцы загінулі на фронце. Паводле перапісу 1959 г. 441 жыхар. У 1985 г. ў вёску пераселены жыхары пас. Рэвалюцыя. Уваходзіла ў склад калгаса «Пераможац» (цэнтр — в. Папсуеўка). Перад аварыяй на ЧАЭС у склад вёскі ўваходзіла на 01.01.1986 г. – 99 двароў, пражывала 99 сямей, колькасць чалавек – 264 жыхары. На 01.01.1990 г. – 84 двары, 205 жыхароў, з іх: 85 працуючых, 40 дзяцей да 15 гадоў, 80 пенсіянераў. Веска згарэла ў 1991 г.

Звесткі аб знакамітых ураджэнцах:

Болсун Іван Іванавіч, ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Вялікай Айчыннай вайны, медалямі.

Звесткі аб адсяленні:

У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджання жыхары (115 сямей) пераселены ў 1991 г. ў чыстыя месцы.