Назва вескі: БЕСЕДЗЬ

Месцазнаходжанне:

Вёска ў Веткаўскім гарсавеце, за 9 км. на Пн ад Веткі, 31 км. ад Гомеля, на р. Беседзь (прыток р. Сож); на Пд і У мяжуе з лесам, на З — тарфяны запаведнік. Транспартныя сувязі па прасёлачнай, потым аўтадарозе Свяцілавічы—Гомель.

Гістарычная даведка:

Па пісьмовых крыніцах вядома з 18 ст. як 210 вёска ў Веткаўскай вол. Беліцкага, з 1852 г. Гомельскага пав. Магілёўскай губ. У 1785 г. ў валоданні кн. Халецкага і кн. Любамірскай. На р. Беседзь дзейнічала пераправа праз плаціну з 4 драўлянымі мастамі. У 1852 г. збудавана мукамольня, якая ў 1859 г. перапрацавала 30 тыс. пудоў зерня. У 1871 г. засн. маслабойня. У 1880 г. пачаў дзейнічаць хлебазапасны магазін. У 1885 г. 54 двары, 309 жыхароў, царква, вадзяны млын, 2 крупарушкі. Паводле перапісу 1897 г. 76 двароў, 469 жыхароў, царква, капліца, вінная лаўка, школа граматы, маслабойня. У 1909 г. 88 двароў, 603 жыхары, 1406 дзес. зямлі. Побач быў аднайменны фальварак. У 1921 г. вяскоўцы сабралі і накіравалі галадаючым Паволжа 50 пудоў жыта. У 1926 г. 101 двор, 608 жыхароў, паштовае аддз., пач. школа. У 1930 г. арганізаваны калгас. У Вял. Айч. вайну ў баях за вёску і наваколле загінулі 436 воінаў (пахаваны ў брацкай магіле ў цэнтры вёскі). 107 вяскоўцаў загінулі на фронце. Паводле перапісу 1959 г. 477 жыхароў. Уваходзіла ў склад саўгаса «Высакаборскі» (цэнтр — в. Барталамееўка). Размяшчаліся 8-гадовая школа, клуб, б-ка, фельч.-акушэрскі пункт, аддз. сувязі, магазін, лясніцтва. Перад аварыяй на ЧАЭС на 01.01.1986 г. у склад вёскі ўваходзіла 94 двары, пражывала 94 сям’і, 236 жыхароў, размяшчаліся 8-гадовая школа, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, магазін, лясніцтва. На 1.01.1990 г. – 82 двары, 168 жыхароў, з іх: 70 працуючых, 18 дзяцей (да 15 гадоў), 73 пенсіянеры.

Звесткі аб помніках прыроды, гісторыі, культуры:

Брацкая магіла савецкіх воінаў. Пахаваны 436 воінаў, якія загінулі ў верасні 1943 г. пры вызваленні вёскі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1959г. на магіле пастаўлены помнік – скульптура воіна.

Паселішча 1. За 1 км на захад ад вёскі, на мысе 3-5-метровай тэрасы правага берага р. Бесядзь. Памерам 140х40 м. Датуецца 1-м тысячагоддзем да н.э.

Паселішча 2. За адзін кіламетр на захад ад вёскі, на ўскраіне тэрасы правага берага р. Бесядзь. Памерам 50х20 м, вышынёй да 4 м. Датуецца 1-м тысячагоддзем да н.э.

Гарадзішча ХІ – ХІІІ ст., за 0,3-0,4 км на паднёвы захад ад вёскі, на тэрасе поплава левага берага р. Бесядзь. Пляцоўка памерам 78х66 м., вышынёй да 4 м.

Звесткі аб адсяленні:

У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджання жыхары (89 сямей) пераселены ў 1991 г. ў чыстыя месцы.

Звесткі аб бібліятэцы:

Кніжны фонд: 5010

Колькасць чытачоў: 153

Дата закрыцця: 01.01.1991 – 31.01.1991

Бібліятэкар, які праводзіў закрыццё: Коўзелева Вольга Міхайлаўна

№ дакумента: Заключэнне штаба ГА і гал. урача санстанцыі ў 1991 г.