Назва вескі: СТРУМЕНЬ
Месцазнаходжанне:
Вёска ў Кароцькаўскім с/с, за 9 км на ПнУ ад Кармы, за 69 км ад чыг. ст. Рагачоў (на лініі Магілёў – Жлобін), за 119 км ад Гомеля; на р. Струменю (прыток р. Сож) і аўтадарозе Валынцы – Карма, на Пд, У і Пн Струменем батанічны заказнік.
Гістарычная даведка:
Аб дзейнасці чалавека ў гэтых мясцінах у глыбокай старажытнасці сведчаць паселішча эпохі неаліту і бронзавага веку (за 0,5 км на ПдЗ ад вёскі, на тэрасе левага берага р. Струменка, ва ўрочышчы Нарач), паселішча верхнедняпроўскай культуры (3-е тысячагоддзе да н.э., за 0,5 км на ПнЗ ад вёскі, ва ўрочышчы Біручыха). Паводле пісьмовых крыніц вядома з 16 ст. як сяленне ў Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. ВКЛ. Упамінаецца ў 16 ст. ў сувязі з ваен. дзеяннямі паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. Паводле інвентару Чачэрскага староства 1704 г. 8 дымоў, у Валосаўскім войтаўстве. Пазначана і ў інвентары Чачэрскага староства 1726 г. Паводле вопісу 1765 г. 17 дамоў. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) у складзе Рас. імперыі. З 1788 г. 620 дзейнічала царква. Паводле рэвізіі 1858 г. ў валоданні памешчыцы Кузьміцкай. У лясной дачы (паблізу вёскі) з 1864 г. працаваў бярозава-дзягцярны з-д (6 рабочых). У 1880 г. 76 двароў, 399 жыхароў, вінакурня, хлебазапасны магазін. Паводле перапісу 1897 г. ў аколіцы 100 двароў, 563 жыхары, вятрак, у вёсцы 27 двароў, 200 жыхароў, 2 хлебазапасныя магазіны, у Кармянскай вол. Рагачоўскага пав. Магілёўскай губ. З 1907 г. працавала нар. вучылішч (83 вучні). У 1909 г. ў вёсцы 31 двор, 232 жыхары, 307 дзес. зямлі, у аколіцы 126 двароў, 1480 дзес. зямлі. З 20.8.1924 г. да 1986 г. цэнтр Струменскага с/с Кармянскага, з 25.12.1962 г. Рагачоўскага, з 6.1.1965 г. Чачэрскага, з 30.7.1966 г. Кармянскага р-наў Магілёўскай (да 26.7.1930 г.) акругі, з 20.2.1938 г. Гомельскай вобл. У 1929 г. арганізаваны калгасы «Новы свет» і «Камунар», працавалі вятрак, конная крупарушка, кузня. Працавала Струменскае лясніцтва. У Вял. Айч. вайну дзейнічала патрыят. падпольная група (кіраўнік А.І. Хадановіч). Ням.-фаш. карнікі ў 1942 г. часткова спалілі вёску. У баях каля вёскі загінулі 47 воінаў (пахаваны ў брацкай магіле ў цэнтры). Паводле перапісу 1959 г. 753 жыхары. Была цэнтрам калгаса «Радзіма». Размяшчаліся хлебапякарня, малочны з-д, швейная майстэрня, лясніцтва, сярэдняя школа, клуб, 2 б-кі, б-ца, аптэка, вет. ўчастак, аддз. сувязі, сталовая, З магазіны. Планіровачна складаецца з 2 мерыдыянальных вуліц, забудаваных драўлянымі сял. сядзібамі. У склад Струменьскага с/с уваходзілі да 1962 г. пасёлкі Васільеўка, Рогавы (не існуюць). На момант аварыі: с/савет, праўленне калгаса “Радзіма”, мехпарк, лясніцтва, СТФ, МТФ, бальніца, аптэка, 3 магазіны, аддзяленне сувязі, сярэдняя школа, дзіцячы садок, СДК, 2 бібліятэкі, 152 двары, 503 жыхары.
Звесткі аб помніках прыроды, гісторыі, культуры:
Паселішча 1. Неаліту і бронзавага веку. За 200 м. на захад ад вескі, ва ўрочышчы Біручыха, на пясчанай выдме зах. берага возера-старыцы Аўчыннікава Калюга. Выявіў у 1927 г. К.М. Палікарповіч, даследавалі ў 1976 г. І.І. Арцеменка і А.Г. Калечыц. Культурны пласт 0,4 м. Знойдзена больш за 1300 вырабаў з крэменю (нажы, сякеры, цяслы, праколкі, свярдзелкі, скрэблы, скоблі, разцы, наканечнікі стрэл і дроцікаў), адходы крамяневай вытворчасці, запасы сыравіны і інш. Сярод знаходак каля 600 фрагментаў ляпнога посуду. Выяўлены рэшткі разбураных вогнішчаў адкрытага тыпу.
Паселішча 2. Бронзавага веку. Справа ад дарогі праз Сож, ва ўрочышчы Гневін. Выявіў у 1762 г. І.І. Арцёменка. Раскопкі не праводзіліся.
Паселішча 3. Каменнага веку. На правым беразе р.Струменка, ва ўрочышчы Града. Выявіла ў 1975 г. А.Г. Калечыц. Раскопкі не праводзіліся.
Паселішча 4. Эпохі неаліту і бронзавага веку. За 500 м на ўсход ад парома, злева і справа ад дарогі ў вёску, ва ўрочышчы Жыдоўка. Выявіла і даследавала ў 1978 г. А.Г. Калечыц. На плошчы 80 кв.м знойдзены нуклеусы, крамяневыя пласціны, праколкі, адшчэпы, фрагменты керамічнага посуду.
Паселішча 5. Эпохі ранняга неаліту. На паўднёвым захадзе ад вёскі, ва ўрочышчы Ліпіца. Выявіў у 1927 г. К.М. Палікарповіч. Раскопкі не праводзіліся.
Паселішча 6. За 700 м ад вёскі, у міжрэччы Сажа і Струменкі, ва ўрочышчы Лоша (Лашыная Грыва). Сістэма пясчаных узвышэнняў на левым беразе Сажа за 1,5 км ад асн. русла. Плошча каля 7000 кв.м. Выявіў у 1927 г. К.М. Палікарповіч. Даследавала у 1975-80 гг. А.Г. Калечыц. На плошчы каля 3000 кв.м. знойдзена больш за 48 тыс. вырабаў з крэменю і 42 000 з гліны. Выяўлены рэшткі 9 жытлаў, 61 гасп. ямы, 52 вогнішчы, 3 пахаванні. Матэрыялы адносяцца да эпохі неаліту, ранняга і сярэдняга перыядаў бронзавага веку.
Паселішча 7. Эпохі неаліту і бронзавага веку. За 700 м на паўдневы захад ад вёскі, на тэрасе левага берага р. Струменка, на мысе вышынёй каля 2 м, ва ўрочышчы Нараг. Плошча каля 2,5 тыс. кв. м. Выявіў К.М. Палікарповіч у 1927 г. Даследавала 464 кв.м. у 1975-1978 гг. А.Г. Калечыц. Культурны пласт 0,6 м. Выяўлены 7 гаспадарчых ям і 2 агнішчы. Знойдзена каля 5000 вырабаў з крэменю і каля 6000 фрагментаў ляпнога посуду.
Паселішча 8. Эпохі неаліту і бронзавага веку. На поўдзень ад вёскі і могілак, ва ўрочышчы Падселы. Выявіў у 1927 г. К.М. Палікарповіч, абследаваў у 1975 г. В.І. Шадыра. Раскопкі не праводзіліся.
Паселішча 9. Эпохі неаліту і бронзавага веку. За 2 км на паўночны захад ад вёскі, ва ўрочышчы Трыслівец. Выявіў ў 1927 г. К.М. Палікарповіч, абследавалі ў 1962 г. І.І. Арцеменка, у 1975-1976 А.Г. Калечыц. Раскопкі не праводзіліся.
Паселішча 10. Каменнага веку. За 1,5 км на паўдневы захад ад вёскі, ва ўрочышчы Белая Гара. Выявіла і абследавала ў 1980 А.Г. Калечыц. Раскопкі не праводзіліся.
Помнік землякам на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан. Каля будынка праўлення калгаса «Радзіма», у скверы. Пахаваны 47 воінаў і 1 партызан, якія загінулі ў баях за вызваленне раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1959 г. на магіле пастаўлены помнік – скульптура воіна са схіленым у жалобе сцягам. Побач – дошкі з імёнамі 137 землякоў, што загінулі у Вялікую Айчынную вайну.
Звесткі аб знакамітых ураджэнцах:
Хадановіч Леў Сяргеевіч, нарадзіўся 15.11.1923 г. Поўны кавалер ордэна Славы. Скончыў Гомельскі рачны тэхнікум (1950). У Вялікую Айчынную вайну з 1942 г. падрыўнік 1-ай Гомельскай партызанскай брыгады, з 1943 г. на Беларускім, 2-м Беларускім франтах. Помочнік камандзіра узвода разведкі ст. сяржант Хадановіч вызначыўся у 1944 г. у час аперацыі «Баграціён» і у 1945 г. у баях на тэрыторыі Польшчы. У ноч на 22.07.1944 г. пранік у тыл ворага, знішчыў 2 варожых карэкціроўшчыкі, даставіў у часць цэнныя звесткі аб размяшчэнні агнявых сродак ворага. У ноч на 01.12.1944 г. з узводам разведчыкаў пераадолеў водны рубеж, пранік у тыл ворага, закідаў гранатамі бліндаж, знішчыў станкавы кулямёт, захваціў 2 палонных. 13.02.1945г. у баі на захад ад Гдыні з групай разведчыкаў пранік у распалажэнне варожай абароны, захваціў “языка” і важныя дакументы аб пярэднім краі абароны праціўніка. Пасля вайны да 1983 г. у рачным флоце Беларусі. Жыве у Пінску, працуе старэйшым дыспетчарам Днепра-Бугскага тэхнічнага участка рачнога пуці.
Радзіма кавалера ордэна Славы З ступеней Л.С. Хадановіча.
Звесткі аб адсяленні:
У сувязі з радыяцыйным забруджаннем пасля Чарнобыльскай катастрофы жыхары (170 сямей) пераселены ў пач. 1990-х г. у чыстыя месцы.
Звесткі аб бібліятэцы:
Дата адкрыцця: 27.02.1968. Рашэнне выканкама Кармянскага раённага Савета дэпутатаў працоўных №62 ад 27.02.1968 г.
Кніжны фонд: 13847
Колькасць чытачоў: 402
Дата закрыцця: 01.04.1990
Бібліятэкар, які праводзіў закрыццё: Хазава Людміла Іванаўна
№ дакумента: Рашэнне райвыканкама №84 ад 09.04.1990 г.