Назва вескі: КАЛЫБАНЬ
Месцазнаходжанне:
Вёска ў Камарынскім пасялковым Савеце, за 41 км на Пд ад Брагіна, 7 км ад чыг. ст. Пасудава (на лініі Оўруч – Палтава), 171 км ад Гомеля, на р. Брагінка, на тэр. Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Транспартныя сувязі па прасёлачнай, потым аўтадарозе Камарын – Брагін.
Гістарычная даведка:
Выяўленыя археолагамі гарадзішча І-га тысячагоддзя н.э. (4 км на Пд ад вёскі, на правым беразе р. Брагінка) і курганны могільнік (6 насыпаў, 2 км на ПдЗ ад вёскі, ва ўрочышчы Замосце) сведчаць пра засяленне тутэйшых месц з глыбокай старажытнасці. Па пісьмовых крыніцах вядома з 18 ст. як вёска ў валоданні Патоцкіх, потым – Масальскіх. У 1795 г. 6 двароў. У 1850 г. 50 двароў, 509 жыхароў. Дваранін Местар меў тут у 1876 г. 1971 дзес. зямлі, вадзяны і конны млыны. Пад 1879 г. пазначана як сяленне ў Чыкалавіцкім царк. прыходзе. У 1885 г. 102 двары, 549 жыхароў, конны млын. У выніку пажару 16.8.1895 г. згарэла палова вёскі. Паводле перапісу 1897 г. хлебазапасны магазін, карчма; побач была аднайменная сядзіба. У 1908 г. 170 двароў, 928 жыхароў, у Савіцкай воласці Рэчыцкага пав. З 8.12.1926 г. да 1987 г. цэнтр Калыбанскага с/с Камарынскага, з 25.12.1962 г. Брагінскага р-наў Рэчыцкай, з 9.6.1927 г. Гомельскай акруг, з 20.2.1938 г. Палескай, з 8.1.1954 г. Гомельскай абл. У 1929 г. 1397 жыхароў, школа, хата-чытальня, аддз. спажывецкай кааперацыі. У 1930 г. арганізаваны калгас «Чырвоны араты», працавалі З ветракі, 2 конныя крупарушкі, кузня, ваўначоска, торная майстэрня. У 1940 г. 290 двароў. У Вял. Айч. вайну ў верасні 1943 г. ням. фашысты спалілі 265 двароў, загубілі 7 жыхароў. У баі каля вёскі 23.9.1943 г. вызначыліся камандзір артыл. батарэі ст. лейтэнант І.М. Ляшэнка, камандзір роты ст. лейтэнант В.Л. Мельнікаў, наводчыкі гармат А.Г. Казлоў і М.Д. Ольчаў (прысвоена званне Героя Сав. Саюза). Паводле перапісу 1959 г. 977 жыхароў, у 1970 г. 741 жыхар. Была цэнтрам калгаса «Ленінскі шлях». Размяшчаліся сярэдняя школа, клуб, б-ка, фельч.-акушэрскі пункт, аддз. сувязі, швейная майстэрня, 2 магазіны. Перад аварый на ЧАЭС 278 двары, 571 жыхар.
Звесткі аб помніках прыроды, гісторыі, культуры:
Брацкая магіла Савецкіх воінаў, помнік землякам. Пахаваны 3 воіны. У 1967 г. устаноўлены надмагілле, абеліск на ўшанаванне памяці 89 землякоў.
Звесткі аб знакамітых ураджэнцах:
Радзіма мастака-графіка Васіля Фёдаравіча Леоненкі, аўтара серыі маленікіх гравюр-экслібрысаў “Памяти дома моего”. Экслібрысы серыі – рэквіем роднаму дому, сёлам, якія засталіся ў зоне радыяцыйнага забруджання. Радзіма аднаго з кіраўнікоў партыз. руху ў Вілейскай вобл. ў Вял. Айч. вайну Ф.М. Расюка (быў камісарам 4-й Беларускай партыз. брыгады).
Звесткі аб адсяленні:
Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджання жыхары (270 сямей) пераселены ў 1986 г. ў чыстыя месцы (распараджэнне СМ БССР № 481-рс от 20.06.1986).
Звесткі аб бібліятэцы:
Дата адкрыцця: 01.01.1959 – 31.12.1959
Кніжны фонд: 10153
Колькасць чытачоў: 510
Дата закрыцця: 08.10.1986
Бібліятэкар, які праводзіў закрыццё: Гаўрык Марыя Іванаўна
№ дакумента: Загад № 26 ад 08.10.86 г.