Назва вескі: САЛАБУТА

Месцазнаходжанне:

Вёска ў Ліцвінавіцкім с/с, за 16 км на ПнУ ад Кармы, за 71 км ад чыг.  ст. Рагачоў (на лініі Магілёў – Жлобін), за 126 км ад Гомеля, на р. Аўсовінка (прыток р. Сож). Транспартныя сувязі па прасёлачнай, потым аўтадарозе Ліцвінавічы – Карма. 

Гістарычная даведка:

Засн. ў пач. 1920-х г.  перасяленцамі з суседніх вёсак на былых памешчыцкіх землях.  У 1931 г. арганізаваны калгас «Чырвоны партызан», працавалі 2 ветракі, кузня.  У 1940 г. 50 двароў, 236 жыхароў. У Вял. Айч. вайну ў верасні 1943 г. ням.-фаш. акупанты спалілі 48 двароў. У баі каля вёскі 8.11.1943 г. вызначыўся ст. сяржант, камандзір узвода разведкі С.І. Ушакоў (удастоены звання Героя Савецкага Саюза). Вызвалена 22.11.1943 г. Паводле перапісу 1959 г. 121 жыхар. Уваходзіла ў склад саўгаса «Руднянскі» (цэнтр – в. Залатаміно). На момант аварыі: 20 двароў, 50 чалавек.

Звесткі аб адсяленні:

У сувязі з радыяцыйным забруджаннем пасля Чарнобыльскай катастрофы жыхары (21 сям’я) пераселены ў пач.  1990-х г.  у чыстыя месцы.