Назва вескі: ЗАЛАТАМІНО

Месцазнаходжанне:

Вёска ў Ліцвінавіцкім с/с, за 19 км на ПнУ ад Кармы, за 79 км ад чыг. ст. Рагачоў (на лініі Магілёў – Жлобін), за 130 км ад Гомеля, на р. Аўсовіна (прыток р. Сож); на У невял. вадасховішча, на Пд мяжуе з лесам. Транспартныя сувязі па прасёлачнай, потым аўтадарозе Ліцвінавічы – Карма.

Гістарычная даведка:

Аб дзейнасці чалавека ў глыбокай старжытнасці ў гэтай мясцовасці сведчыць гарадзішча (за 0,5 км на ПнЗ ад вёскі, на правым беразе безымяннага ручая). Паводле пісьмовых крыніц вядома з 16 ст. як сяленне ў Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. ВКЛ, вялікакняжацкая ўласнасць. У 1525 г. сяло Залатарэвічы ўпамінаецца ў дакументах караля Жыгімонта І Старога, калі было аддадзена ў валоданне двараніну Г. Цішковічу. Пасля І-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) у складзе Рас. імперыі; у Магілёўскай губ. У 1929 г. арганізаваны калгас. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. карнікі ў 1943 г. часткова спалілі вёску. З 15.8.1974 г. цэнтр Хляўнянскага, з 2.9.1975 г. да 1986 г. Залатамінскага с/с Кармянскга р-на Гомельскай вобл. Паводле перапісу 1959 г. 236 жыхароў. У 1962 г. да вёскі далучаны в. Слабада, пасёлкі Бакунава, Дуброўка і Воеўка (да яго ў 1949 г. далучаны пас. Новы Шлях), да 1974 г. пас. Леніна. Была цэнтрам саўгаса «Руднянскі». Размяшчаліся млын, лесапільня, камбінат быт. абслугоўвання, аўтатранспартная майстэрня, пач. школа, клуб, б-ка, дзіцячыя яслі, б-ца, аддз. сувязі, магазін. У склад Залатамінскага с/с уваходзілі да 1962 г. пасёлкі Бакунава, Воеўка, з якім у 1949 г. аб’яднаўся пас. Новы Шлях, в. Слабода, да 1979 г. в. Міхееўка, да 1987 г. пас. Дуброва (не існуюць). На момант аварыі: дырэкцыя саўгаса, мехдвор, малочна-таварная ферма, камбінат бытавога абслугоўвання, аддзяленне сувязі, сельскі клуб, бібліятэка, 163 двары, 411 чалавек.

Звесткі аб помніках прыроды, гісторыі, культуры:

Гарадзішча (археал.) 1 тыс. да н.э.–1 тыс. н.э. За 0,5 км на паўночны захад ад вёскі, на правым беразе безыменнага ручая, прытока р.Сож. Займае высокі ўчастак берагавой тэрасы (вышыня над поймай 6-7 м.). Помнік добра захаваўся. Пляцоўка круглая, дыяметрам 25 м., умацавана 2 падковападобнымі валамі і равамі. Вышыня унутранага вала 2,5-3 м., вонкавага – 1-1,5м. Глыбіня равоў 5 і 1 м. З паўдневага боку пляцоўка прымыкае да абрыву тэрасы. Абследаваў у 1981 г. С.Я.Расадзін. У 2 шурфах памерам 1 х 1 м выяўлены культурны пласт 0,3 м, у якім знойдзены фрагменты ляпной керамікі. Помнік землякам. У скверы. На ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. У 1967 г. пастаўлены абеліск.

Звесткі аб знакамітых ураджэнцах:

Давыдзенка Леанід Мікалаевіч, нарадзіўся 04.08.1941 г. ў в. Залатаміно. Беларускі вучоны ў галіне эканамічнай тэорыі. Доктар эканамічных навук (1990 г.), прафесар (1991). Скончыў Мінскі фінансавы тэхнікум (1959 г.), Беларускі дзяржаўны універсітэт (1972). Працаваў на камсамольскай і партыйнай рабоце, у Мінскай вышэйшай партыйнай школе, Беларускім дзяржаўным універсітэце, галоўным саветнікам групы саветнікаў Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь (1997-2000). Цяпер загадчык кафедры эканамічнай тэорый Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта. Аўтар больш як 145 навуковых прац, у тым ліку шэрага падручнікаў для ВНУ па асновах эканамічнай тэорыі.

Звесткі аб адсяленні:

У сувязі з радыяцыйным забруджаннем пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС жыхары (170 сямей) пераселены ў пач. 1990-х г. у чыстыя месцы.

Звесткі аб бібліятэцы:

Адсутнічаюць.