Назва вескі: УЛАСЫ

Месцазнаходжанне:

Вёска ў Стралічаўскім с/с, за 62 км. на Пд ад Хойнікаў, 32 км. ад чыг. ст. Пасудава (на ветцы Хойнікі—Васілевічы ад лініі Калінкавічы—Гомель), за 148 км. ад Гомеля, на Пд меліярацыйныя каналы і мяжуе з урочышчам Тужыр. Транспартныя сувязі па прасёлачнй, потым аўтадарозе Даўляды—Хойнікі.

Гістарычная даведка:

Паводле пісьмовых крыніц вядома з 19 ст. як сяленне ў Дзёрнавіцкай вол. Рэчыцкага пав. Мінскай губ. У 1850 г. 20 двароў, 130 жыхароў. Пад 1879 г. пазначана ў ліку сяленняў Баршчоўскага царк. прыхода. Паводле перапісу 1897 г. 43 жыхары, 158 жыхароў, хлебазапасны магазін. У 1908 г. 55 двароў, 396 жыхароў. З 8.12.1926 г. да 30.12.1927 г. цэнтр Уласаўскага с/с Камарынскага р-на Рэчыцкай, з 9.6.1927 г. Гомельскай акруг. У 1930 г. арганізаваны калгас імя М.І.Калініна, працавала ваўначоска. У 1940 г. 120 двароў, 432 жыхары. У Вял. Айч. вайну ням. акупанты 22.5.1943 г. поўнасцю спалілі вёску і расстралялі 141 жыхара (пахаваны ў магіле ахвяр фашызму ў цэнтры вёскі). На наступны дзень карнікі расстралялі яшчэ 16 жыхароў (пахаваны ў магіле ахвяр фашызму на ўсх. ускраіне). 70 вяскоўцаў загінулі на фронце. Паводле перапісу 1959 г. 267 жыхароў. Уваходзіла ў склад калгаса «Новае жыццё» (цэнтр — в. Радзін). Размяшчаліся пач. школа, клуб, б-ка, фельч.-акушэрскі пункт, швейная і шавецкая майстэрні, магазін. Перад аварыяй на ЧАЭС у склад вёскі ўваходзіла 69 двароў, пражывала 69 сем’яў, колькасць чалавек 174. Знаходзілася пачатковая школа, клуб, бібліятэка, ФАП, швейная і шавецкая майстэрні, магазін. 

Звесткі аб помніках прыроды, гісторыі, культуры:

Магіла ахвяр фашызму. У цэнтры вёскі. Пахаваны 160 жыхароў. 22.05.1943 г. нямецкія акупанты поўнасцю спалілі вёску і растралялі 141 жыхара. У 1975 г. на магіле пастаўлены абеліск.

Магіла ахвяр фашызму. На ўсходняй ускраіне вёскі. Пахаваны 16 мірных жыхароў растрэляных нямецка-фашысцкімі карнікамі 23.05.1943г. У 1957 г. на магіле пастаўлены абеліск.

Помнік землякам. У цэнтры вёскі. На ўшанаванне памяці жыхароў вёсак калгаса “Новае жыццё”, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. У 1970 г. пастаўлены помнік – скульптурную кампазіцыю – воін і партызанка.

Звесткі аб адсяленні:

У сувязі з радыяцыйным забруджаннем пасля Чарнобыльскай катастрофы жыхары (69 сямей) пераселены ў маі 1986 г. ў чыстыя месцы (распараджэнне СМ БССР № 418-рс ад 20.06.86).

Звесткі аб бібліятэцы:

Кніжны фонд: 10702

Колькасць чытачоў: 405

Дата закрыцця: 19.08.1986

Бібліятэкар, які праводзіў закрыццё: Дылянок Кацярына Савельеўна

№ дакумента: Рашэнне райвыканкама №225 ад 19 жніўня 1986г.