Назва вескі: БЕЛАЯ САРОКА
Месцазнаходжанне:
Вёска ў Вербавіцкім с/с, за 43 км. на ПдУ ад Нароўлі, 68 км. ад чыг. ст. Ельск (на лініі Калінкавічы—Оўруч), 221 км. ад Гомеля, на тэр. Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, на паўд. ускраіне меліярацыйны канал, па якім ідзе дзярж. мяжа з Украінай. Транспартныя сувязі па прасёлачнай, а затым аўтадарозе Даўляды— Бабчын.
Гістарычная даведка:
Па пісьмовых крыніцах вядома з 15 ст. як сяло ў Мазырскім пав. Мінскага ваяв. ВКЛ. У 1486 г. вял. кн. Казімір дараваў сяло ключніку кіеўскаму Гарнастаю. У 1516 г. цэнтр Беласароцкай вол., ва ўладанні А.Неміровіча. У 1648—51 гг. каля вёскі адбыліся сутычкі харугваў ВКЛ і паўстанцкіх атрадаў. У 18 ст. дзейнічаў манастыр, падпарадкаваны Кіева-Пячорскай лаўры (знішчаны ў выніку пажару). У 1750 г. пабудавана Свята-Мікалаеўская царква, якая ў 1876 г. перанесена на месца былога манастыра. Гэта месца стала звацца Нова-Сарокі. У царкве мелася евангелле 1733 г. выдання. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Рас. імперыі. У нашчадкаў графа Г.Г.Арлова памешчык Горват набыў у І-й пал. 19 ст. маёнтак Белая Сарока. У 1834 г. мястэчка, праз якое праходзіў тракт з Міхалак у Чарнобыль. У 1863 г. адкрыта школа, для якой у 1866 г. збудавана ўласнае памяшканне. У 1869 г. на месцы састарэлага пабудаваны новы драўляны будынак царквы, у якой быў мясцова шанаваны абраз Божай Маці. Памешчык Увараў меў тут і ў наваколлі 24 293 дзес. зямлі, 2 вадзяныя млыны, 5 корчмаў. У 1885 г. 212 жыхароў, працавалі вінакурня і 2 смалярні. Паводле перапісу 1897 г. сяло, 39 двароў, царква, нар. вучылішча, хлебазапасны магазін, карчма, у Дзёрнавіцкай вол. Рэчыцкага пав. Мінскай губ. У 1930 г. арганізаваны калгас «Пераможца», дзейнічала кузня. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. акупанты абсталявалі ў вясковай царкве турму, дзе праводзіліся катаванні і забойствы. 21 вясковец загінуў на фронце. Паводле перапісу 1959 г. 294 жыхары, у 1986 г. 83 двары, 201 жыхар. Уваходзіла ў склад саўгаса «Прыпяць» (цэнтр — в. Даўляды). Дзейнічалі пач. школа і магазін.
Звесткі аб помніках прыроды, гісторыі, культуры:
Паселішча эпохі мезаліту (за 1—1,5 км. на ПнЗ ад вёскі).
Звесткі аб знакамітых ураджэнцах:
Шаўрэй Іван Міхайлавіч. Работнік пажарнай каманды ў ноч з 25 на 26 красавіка 1986 года прымаў удзел у тушэнні пажару на Чарнобыльскай АЭС. Кавалер Ордэна Чырвонай Зоркі
Звесткі аб адсяленні:
У сувязі з радыяцыйным забруджаннем пасля Чарнобыльскай катастрофы (83 сям’і) пераселены ў 1986 г. ў чыстыя месцы, пераважна ў в. Бабоўка Жлобінскага р-на (распараджэнне СМ БССР № 418-рс ад 20.06.86).
Звесткі аб бібліятэцы:
Дата адкрыцця: 01.01.1926 – 31.12.1926
Дата закрыцця: 26.09.1986 – 31.12.1986
№ дакумента: Загад № 17 от 26.09.1986 г. па Нараўлянскай ЦБС