Назва вескі: ГУТА

Месцазнаходжанне:

Вёска ў Свяцілавіцкім с/с, за 19 км. на Пн ад Веткі, 40 км. ад Гомеля. Транспартныя сувязі па прасёлачнай, потым аўтадарозе Свяцілавічы—Гомель.

Гістарычная даведка:

Па пісьмовых крыніцах вядома з 19 ст. як фальварак у Рэчкаўскай вол. Гомельскага пав. Магілёўскай губ. Паводле рэвізскіх матэрыялаў 1859 г. ўладанне памешчыка І.Грушэцкага. З 1860 г. дзейнічала сукнавальня з млынам, з 1875 г. — вінакурня. Паводле перапісу 1897 г. аколіца Хізава Гута, 77 двароў, 407 жыхароў, 4 ветракі, 2 маслабойні, кузня, 3 цагельні. У 1926 г. аколіца, цэнтр Хізавагуцкага с/с Свяцілавіцкага р-на Гомельскай акр. 98 двароў, 446 жыхароў, паштовы пункт. У 1929 г. арганізаваны калгас. У 1940 г. 98 двароў. У Вял. Айч. вайну 43 вяскоўцы загінулі на фронце. Паводле перапісу 1959 г. 359 жыхароў. Уваходзіла ў склад саўгаса «Зарэчны» (цэнтр — в. Гарысты). Перад аварыяй на ЧАЭС у склад вёскі ўваходзіла на 01.01.1986 г. – 53 двары, пражывала 53 сям’і, колькасць чалавек 106. На 01.01.1990 г. – 46 двароў, 89 жыхароў, з іх: 30 працуючых, 11 дзяцей (да 15 гадоў), 48 пенсіянераў. 

Звесткі аб знакамітых ураджэнцах:

Багданоўскі Уладзімір Андрэевіч (нар. у 1938 г.). Закончыў Хізаўскую СШ Веткаўскага раёна ў 1955г. Маскоўскую сельскагаспадарчую акадэмію ў 1961г., абараніў кандыдацкую дысертацыю. Кандыдат эканамічных навук. У 1961 – 1965гг. працаваў у Казахстане на асваенні цалінных зямель, займаўся праектаваннем новых гаспадарак раёнаў, затым ва Усерасійскім навукова-даследчым інстытуце эканомікі, працы і кіравання ў сельскай гаспадарцы. З 1973г. загадчык секцыі сацыяльнага развіцця вёскі. Аўтар больш за 50 навуковых работ.

Макаранка Іван Раманавіч, поўны кавалер ордэна Славы (1907-1971). Працаваў у калгасе. З 1943 г. на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Удзельнік вызвалення Беларусі, Украіны, Польшчы, ваяваў на тэрыторыі Германіі. Намеснік камандзіра сапёрнага ўзвода, старшына І.Р. Макаранка ўдастоены высокіх урадавых узнагарод за праяўленую асабістую мужнасць у аперацыях пры фарсіраванні рэк Стрыт, Прыпяць, Ясельда, Одэр. Пасля вайны жыў і працаваў у роднай вёсцы ў калгасе.

Звесткі аб адсяленні:

У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджання жыхары (46 сямей) пераселены ў 1992 г. ў чыстыя месцы.