Назва вескі: БАРТАЛАМЕЕЎКА

Месцазнаходжанне:

Вёска ў Веткаўскім гарсавеце, за 17 км. на ПнУ ад Веткі, 38 км. ад Гомеля, 32 км. ад чыг. ст. Добруш (на лініі Гомель— Вынікаў); на Пд і З мяжуе з лесам. Побач аўтадарога Свяцілавічы—Ветка.

Гістарычная даведка:

(Бутрамееўка). Па пісьмовых крыніцах вядома з 18 ст. як вёска ў Гомельскім старостве Рэчыцкага пав. Мінскага ваяв. У 1737 г. вясковая правасл. Свята-Мікалаеўская царква была ператворана ва уніяцкую. Пасля І-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) у складзе Рас. імперыі. У 1775 г. 392 жыхары. У 1785 г. ў валоданні кн. Халецкага і дваранкі Бычкоўскай. У 1852 г. ўладанне памешчыка Сенажэцкага, 67 двароў. У 1879 г. гаспадар маёнткаў Барталамееўка, Вераб’ёўка і Сенажаткі меў 1688 дзес. зямлі. У 1886г. 156 двароў,760 жыхароў, царква, 2 ветракі, хлебазапасны магазін. Паводле перапісу 1897 г. 191 двор, 1218 жыхароў, царква (драўляная), царк.-прыходская школа, вінная лаўка, З ветракі, маслабойня, кузня. У 1909 г. 197 двароў, 1350 жыхароў, 2303 дзес. зямлі, у Рэчкаўскай вол. Гомельскага пав. Магілёўскай губ. У 1926 г. 238 двароў, пач. школа, хата-чытальня, паштовы пункт. З 8.12.1926 г. да 25.6.1962 г. і з 25.6.1970 г. да 11.6.1980 г. цэнтр Барталамееўскага с/с Веткаўскага, з 9.12.1926 г. Чачэрскага, з 25.12.1962 г. Буда-Кашалёўскага, з 6.1.1965 г. Веткаўскага р-наў Гомельскай (да 26.7.1930 г.) акр., з 20.2.1938 г. Гомельскай вобл. У 1930 г. арганізаваны калгас «Барэц», працавалі дрэваапрацоўчая арцель (з 1931 г.), 2 ветракі, кузня. У 1940 г. 256 двароў, цагельня. У Вял. Айч. вайну ў баях за вёску і наваколле 28.9.1943 г. загінулі 50 воінаў (пахаваны ў брацкай магіле ў цэнтры вёскі), 210 вяскоўцаў загінулі на фронце. Паводле перапісу 1959 г. 844 жыхары. У 1968 г. да вёскі далучаны пас. Чырвоная Зорка і перасяліліся жыхары пас. Гвознае. Была цэнтрам саўгаса «Высакаборскі». Размяшчаліся торфабрыкетны з-д, сярэдняя школа, клуб, б-ка, фельч.-акушэрскі пункт, аддз. сувязі, сталовая, З магазіны. У склад Барталамееўскага с/с уваходзілі да 1968 г. пас. Чырвоная Зорка, да 1980 г. пас. Высокі Бор (не існуюць). Перад аврыяй на ЧАЭС у склад вёскі на 01.01.1986 г. уваходзіла 365 двароў, пражывала 365 сем’яў, колькасць чалавек 1036, знаходзіўся торфабрыкетны завод, сярэдняя школа, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, сталовая, 3 магазіны. На 1.01.1990 г. – 306 двароў, 730 жыхароў, з іх: 351 працуючых, 146 дзяцей, 219 пенсіянераў.

Звесткі аб помніках прыроды, гісторыі, культуры:

Брацкая магіла савецкіх воінаў. У цэнтры вёскі. Пахаваны 50 воінаў, у т.л. воіны 17-й кавалерыйскай дывізіі, якія загінулі ў верасні 1943 г. у баях за вызваленне вёскі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1960г. на магіле пастаўлены помнік – скульптура воіна.

Паселішча каменнага і бронзавага вякоў (0,3 км. на У ад вёскі, ва ўрочышчы Выдзьма). Памер 100х300 м. Раскопкі не праводзіліся.

Звесткі аб знакамітых ураджэнцах:

Ермакоў Мікалай Міхайлавіч (нар. ў 1938 г.). Скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт імя У.І. Леніна ў 1969 г. З 1956 г. працаваў у раённай газеце “Пад ленінскім сцягам” (затым “Перамога Кастрычніка”), карэспандэнтам газеты “Чырвоная змена” па Гомельскай вобласці. Уласны карэспандэнт “Сельской газеты” (“Белорусской нивы”). Працуе ў жанры публіцыстыкі. Аўтар кнігі нарысаў “Канец старога прытулля” (1974), “Пяць мінут рызыкі” (1978), “Розум кліча да жыцця” (1987), “Узоры радасці” (1988). Член беларускага саюза журналістаў.

Савасценка Валянціна Андрэеўна (нар. ў 1946 г.). Закончыла фізічны факультэт Маскоўскага педагагічнага інстытута ў 1968 г., аспірантуру пры Акадэміі навук БССР у 1975 г. кандыдат фізіка-матэматычных навук (1979), дацэнт (1989). З 1968 г. працавала настаўніцай у Перахоўскай СШ Добрушскага раёна, асістэнтам кафедры фізікі Гомельскага філіяла Беларускага палітэхнічнага інстытута, малодшым навуковым супрацоўнікам Інстытута фізікі цвёрдага цела Акадэміі навук БССР, старшым выкладчыкам, дацэнтам кафедры фізікі Белдзяржуніверсітэта транспарту. Аўтар звыш 40 навуковых работ, падручніка і метадычнага дапаможніка па курсе фізікі для студэнтаў вышэйшых тэхнічных устаноў па даследаванні сорбцыі радыёнуклідаў у аб’ектах біясферы. Мае аўтарскае пасведчанне на вынаходніцтва.

Звесткі аб адсяленні:

У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджання жыхары (340 сямей) пераселены ў 1992 г. ў чыстыя месцы.

Звесткі аб бібліятэцы:

Кніжны фонд: 8241

Колькасць чытачоў: 318

Дата закрыцця: 01.01.1991 – 31.12.1991

Бібліятэкар, які праводзіў закрыццё: Прыходзька Наталля Федараўна

№ дакумента: Заключэнне штаба ГА і гал. урача санстанцыі ў 1991 г.