Назва вескі: КАСЦЮКОЎКА
Месцазнаходжанне:
Вёска ў Ліцвінавіцкім с/с, за 17 км на ПнУ ад Кармы, за 72 км ад чыг. ст. Рагачоў (на лініі Магілёў – Жлобін); на р. Сож (прыток р. Дняпро). Транспартныя сувязі па прасёлачнай і далей аўтадарозе Ліцвінавічы – Карма.
Гістарычная даведка:
Аб дзейнасці чалавека ў гэтых мясцінах у глыбокай старажытнасці сведчыць выяўленае археолагамі паселішча каменнага і бронзавага вякоў (за 0,8 км на Пд ад вёскі, ва ўрочышчы Узлужжа). Паводле пісьмовых крыніц вядома з пач. 20 ст. як вёска ў Рагачоўскім пав. Магілёўскай губ. У 1931 г. арганізаваны калгас «Чырвоны бераг», працавалі вятрак і кузня. У Вял. Айч. вайну 22.11.1943 г. вызвалена ад ням.-фаш. акупантаў. Паводле перапісу 1959 г. 180 жыхароў. У 1979 г. да вёскі далучана суседняя в. Міхееўка. Уваходзіла ў склад саўгаса «Руднянскі» (цэнтр – в. Залатаміно). Побач невял. радовішчы мелу і крэменю. На момант аварыі: малочна-таварная ферма, 36 двароў, 74 чалавекі.
Звесткі аб помніках прыроды, гісторыі, культуры:
Паселішча (археал.). Эпоха каменнага і бронзавага вв. За 0,8 км на поўдзень ад вёскі ва ўрочышчы Узлужжа. Выявіў у 1924 г. К.М. Палікарповіч, абследавала ў 1975 годзе А.Г.Калечыц. У культурным пласце 0,15м знойдзены крамянёвыя вырабы і рэшткі ляпной керамікі. Частка пласціністых наканечнікаў стрэл, магчыма, эпохі мезаліту. Курган Славы. За 0,5 км на поўнач ад вёскі, на беразе р.Сож. У памяць аб гераізме сав. воінаў на месцы прарыву варожай абароны ў лістападзе 1943 г. (за 0,5 на Пн ад вёскі, на беразе р. Сож) насыпаны ў 1968 г. Курган Славы, каля яго асновы ўстаноўлена пліта з апісаннем подзвігу Героя Савецкага Саюза М.Г. Калінкіна.
Звесткі аб знакамітых ураджэнцах:
Пімашэнка Аляксандр Пятровіч, нарадзіўся 21.06.1935 г. Доктар тэхнічных навук, прафесар. Заслужаны акадэмік навукі і тэхнікі Расіі. Працуе рэктарам Балтыйскай дзяржаўнай акадэміі рыбнай прамысловасці і флоту. Аўтар больш за 80 навуковых прац, 14 вынаходніцтваў. Узнагароджаны ордэнам «Дружбы народаў» (1996 г.).
Звесткі аб адсяленні:
У сувязі з радыяцыйным забруджаннем пасля Чарнобыльскай катастрофы жыхары (36 сямей) пераселены ў 1990-я г. ў чыстыя месцы.