Назва вескі: НЕЖЫХАЎ
Месцазнаходжанне:
Вёска ў Хракавіцкім с/с, за 39 км на ПдЗ ад Брагіна, 67 км ад чыг. ст. Хойнікі (на ветцы Васілевічы Хойнікі ад лініі Калінкавічы – Гомель), 158 км ад Гомеля, на тэр. Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка; вакол меліярацыйныя каналы. Транспартныя сувязі па прасёлачнай, потым аўтадарозе Камарын-Брагін.
Гістарычная даведка:
Па пісьмовых крыніцах вядома з 18 ст. як вёска ў Рэчыцкім пав. Мінскага ваяводства. Па інвентары 1784 г. 7 дымоў, 20 валоў, 14 кароў. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) у складзе Рас. імперыі. У 1850 г. 16 двароў. Паводле перапісу 1897 г. 33 двары, 227 жыхароў, у 1908 г. 47 двароў, 322 жыхары. З 8.12.1926 г. да 30.12.1927 г. цэнтр Нежыхаўскага с/с Брагінскага р-на Рэчыцкай, з 9.6.1927 г. Гомельскай акруг. У 1929 г. арганізаваны калгас. У 1940 г. 60 двароў, 240 жыхароў. У Вял. Айч. вайну ў Слабодскіх лясах, што непадалёку, размяшчаўся Брагінскі падп. райком КП(б)Б і штаб партыз. атрада імя Р.І. Катоўскага. У маі 1943 г. ням. фашысты поўнасцю спалілі вёску і загубілі 30 жыхароў. Паводле перапісу 1959 г. 232 жыхары. Уваходзіла ў саўгас «Слабодскі» (цэнтр – в. Выграбная Слабада). Перад аварыяй на ЧАЭС 49 двароў, 113 жыхароў.
Звесткі аб помніках прыроды, гісторыі, культуры:
Помнік у гонар Брагінскага падпольнага райкома КП(б)Б і штаба асобага партызанскага атрада імя Катоўскага. У 1967 г. пастаўлены абеліск.
Звесткі аб знакамітых ураджэнцах:
Радзіма чл.-кар. Нац. АН Беларусі, Засл. дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, доктара гіст. навук, праф. М.Ф. Піліпенкі і бел. пісьменніка С.П. Давыдзенкі.
Звесткі аб адсяленні:
Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС жыхары (44 сям’і) пераселены ў 1986 г. ў чыстыя месцы (распараджэнне СМ БССР № 481-рс от 20.06.1986).