Назва вескі: ПІРКІ
Месцазнаходжанне:
Вёска ў Хракавіцкім с/с, за 32 км на Пд ад Брагіна, 13 км ад чыг. ст. Ёлча (на лініі Оўруч – Палтава), 147 км ад Гомеля, на тэр. Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Побач аўтадарога Камарын – Брагін.
Гістарычная даведка:
Па пісьмовых крыніцах вядома з 18 ст. як вёска ў Рэчыцкім пав. Мінскага ваяводства. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) у складзе Рас. імперыі. У 1811 г. сяло ва ўладанні Ракіцкіх. У 1850 г. 50 двароў, 343 жыхары, уладанне Прозара. Паводле перапісу 1897 г. 79 двароў, 496 жыхароў, хлебазапасны магазін, школа граматы. У 1908 г. 120 двароў, 703 жыхары, у Савіцкай воласці Рэчыцкага пав. Мінскай губ. З 8.12.1926 г. да 1987 г. цэнтр Піркаўскага с/с Камарынскага, з 25.12.1962 г. Брагінскага р-наў Рэчыцкай, з 9.6.1927 г. Гомельскай (да 26.7.1930 г.) акруг., з 20.2.1938 г. Палескай, з 8.1.1954 г. Гомельскай абл. У 1920-я г. дзейнічалі школа і аддзяленне спажывецкай кааперацыі. У 1930 г. арганізаваны калгас «Чырвоны будаўнік», працавалі кузня, вятрак. У 1940 г. 196 двароў. У Вял. Айч. вайну ў красавіку 1943 г. партызаны разграмілі створаны акупантамі ў вёсцы гарнізон. Карнікі ў маі 1943 г. загубілі 12 жыхароў (пахаваны ў магіле ахвяр фашызму на зах. ускраіне), а ў лістападзе 1943 г. спалілі 93 двары. У баях за вызваленне вёскі ў верасні – кастрычніку 1943 г. загінулі 123 воіны 89-га і 9-га гвардз. стралк. карпусоў бі-й арміі, а таксама 37 партызан атрада імя М.М. Кацюбінскага (пахаваны ў брацкай магіле ў цэнтры вёскі). Сярод пахаваных Героі Сав. Саюза С.К. Галавашчанка і В.Ф. Загайнаў. Паводле перапісу 1959 г. 552 жыхары. Была цэнтрам саўгаса «Піркі». Размяшчаліся амбінат быт. абслугоўвання, б-ка, дзіцячыя яслі, фельч.-акушэрскі пункт, аддз. сувязі, сталовая.
Звесткі аб адсяленні:
Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС жыхары (476 сямей) пераселены ў 1986 г. ў чыстыя месцы (распараджэнне СМ БССР № 481-рс от 20.06.1986).