Назва вескі: ПЕТРАПОЛЛЕ
Месцазнаходжанне:
Вёска ў Свяцілавіцкім с/с, за 36 км.. на ПнЗ ад Веткі, 41 км.. ад Гомеля, на З пойма р. Сож (прыток р. Дняпро), на Пн тарфяны заказнік, вакол лес. Транспартныя сувязі па прасёлачнай, потым аўтадарозе Чачэрск— Ветка.
Гістарычная даведка:
Па пісьмовых крыніцах вядома з 19 ст. як хутар у Паходкай вол. Гомельскага пав. Магілёўскай губ. Дваранка Зяньковіч мела ў 1881 г. ў вёсцы 704 дзес. зямлі і вадзяны млын. Паводле перапісу 1897 г. 245 двары, 183 жыхары. У 1909 г. 31 двор, 233 жыхары, 1315 дзес. зямлі. У 1926 г. 44 двары, 247 жыхароў, паштовы пункт, школа. З 8.12.1926 г. да 30.12.1927 г. цэнтр Петрапольскага с/с Свяцілавіцкага, з 4.8.1927 г. Чачэрскага р-наў Гомельскай акр. У 1930 г. арганізаваны калгас «Актывіст», працавала кузня. У 1940 г. 50 двароў, 269 жыхароў. У Вял. Айч. вайну 27 вяскоўцаў загінулі на фронце. Паводле перапісу 1959 г. 270 жыхароў. Уваходзіла ў склад саўгаса «Навілаўскі» (цэнтр — в. Навілаўка). Перад аварыяй на ЧАЭС у склад вёскі ўваходзіла 01.01.1986 г. 45 двароў, пражывала 45 сямей, колькасць чалавек 74. На 01.01.1990 г. – 44 двары, 80 жыхароў, з іх 33 працуючых, 9 дзяцей (да 15 гадоў), 38 пенсіянераў.
Звесткі аб помніках прыроды, гісторыі, культуры:
Паселішча верхнедняпроўскай неалітычнай культуры (3-е тысячагоддзе да н.э., 2 км. на З ад вёскі, ва ўрочышчы Негацень). Плошча каля 0,5 га. Адкрыў у 1926 г. К.М. Палікарповіч, даследавалі ў 1954 г. К.М. Палікарповіч і Я.Г. Краскоўская, у 1960 г. У.Дз. Будзько і І.М. Цюрына. Культурны пласт каля 0,2 метра. Памер 100х50 м. Выяўлены фрагменты керамікі з грабеньчата-ямачным, лапчастым і кропкавым арнаментам. Сярод знаходак крамянёвыя ножападобныя пласцінкі, наканечнікі стрэл, скрабкі, сякерападобныя прылады. Адносіцца да верхнедняпроўскай неалітычнай культуры, датуецца 3-м тысячагоддзем да н.э. Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі АН БССР і Дзяржаўным музеі БССР.
Звесткі аб адсяленні:
У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджання жыхары пераселены ў 1991 г. ў чыстыя месцы.