Назва вескі: СІВЕНКА

Месцазнаходжанне:

Вёска ў Веткаўскім гарсавеце, за 14 км. на У ад Веткі, 36 км. ад Гомеля, 25 км. ад чыг. ст. Добруш (на лініі Гомель—Выткаў), на р. Слонка (прыток р. Сож), на аўтадарозе Старое Закружжа—Ветка; на Пн Веткаўскі батанічны запаведнік.

Гістарычная даведка:

Па пісьмовых крыніцах вядома з 18 ст. як вёска ў складзе маёнтка Хальч. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) у складзе Рас. імперыі, у Вылеўскай вол. Беліцкага пав. Магілёўскай губ. У 1785 г. ва ўладанні кн. І.Халецкага і княгіні Радзівіл. У 1848 г. 52 двары. З 1880 г. дзейнічаў хлебазапасны магазін. У выніку пажару 3.7.1883 г. згарэлі 65 двароў. У 1881 г. 117 двароў. У 1885 г. 516 жыхароў, вятрак. Паводле перапісу 1897 г. ў Вылеўскай вол. Гомельскага пав., 148 двароў, 971 жыхар, школа граматы, вятрак, лаўка, кузня. У 1909 г. 169 двароў, 935 жыхароў, 1237 дзес. зямлі. У 1926 г. 203 двары, 1038 жыхароў, хата-чытальня, паштовае аддз., пач. школа, паравы млын, крупарушка, ваўначоска, крэдытнае т-ва. З 8.12.1926 г. да 1991 г. цэнтр Сівенскага с/с Веткаўскага, з 17.12.1956 г. Добрушскага, з 6.1.1965 г. Веткаўскага р-на Гомельскай (да 26.7.1930 г.) акр., з 20.2.1938 г. Гомельскай вобл. У 1929 г. арганізаваны калгас «Партызан», працаваў вятрак (з 1926 г.). У 1940 г. 214 двароў. У Вял. Айч. вайну ў вер. 1943 г. ням. акупанты спалілі 213 двароў, загубілі 23 жыхары. У баях за вёску загінулі ў 1943 г. 167 воінаў (пахаваны ў брацкай магіле на зах. ускраіне). На франтах і ў партыз. барацьбе загінулі 189 вяскоўцаў. Паводле перапісу 1959 г. 673 жыхары. У 1963 г. ў вёску перасяліліся жыхары пасёлкаў Дзвігацель, Рэвалюцыя. Была цэнтрам калгаса імя У.І. Леніна. Размяшчаліся сярэдняя школа, клуб, б-ка, дзіцячыя яслі-сад, б-ца, аддз. сувязі, швейная і шавецкая майстэрні, магазін. Згарэла летам 1991 г. У склад былога Сівенскага с/с да 1963 г. ўваходзілі пасёлкі Дзвігацель, Рэвалюцыя, да 1965 г. пас. Чырвоная Перамога, да 1974 г. пас. Арэхаўка (не існуюць).Перад аварыяй на ЧАЭС на 01.01.1986г. у склад вёскі ўваходзіла 218 двароў, пражывала 218 сем’яў, 639 жыхароў. Размяшчаліся сярэдняя школа, клуб, бібліятэка, дзіцячыя яслі сад, аддзяленне сувязі, швейная і шавецкая майстэрні, магазін.На 1.01.1990 г. 189 двароў, 483 жыхары, з іх: 209 працуючых, 124 дзіця (да 15 гадоў), 150 пенсіянераў.

Звесткі аб помніках прыроды, гісторыі, культуры:

Брацкая магіла савецкіх воінаў. На заходняй ускраіне вёскі, каля дарогі. Пахаваны 167 воінаў, у т.л. воіны 307-й і 399-й стралковых дывізій, 117-й танкавай брыгады 1-га танкавага корпуса, што загінулі ў 1943 г. ў баях за вызваленне раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тут таксама пахаваны салдат 85-га асобнага пантонна-маставога батальёна І. Р. Педчанка, які адным з першых фарсіраваў р. Сож. У баі быў цяжка паранены і 22.11.1943 г. памёр. Яго імем названа вуліца ў Гомелі. У 1968 г. на магіле пастаўлены абеліск.

Помнік землякам. У цэнтры вёскі. На ўшанаванне памяці 215 землякоў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, Ў 1967 г. пастаўлена стэла.

Звесткі аб адсяленні:

У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджання жыхары (189 сямей) пераселены ў 1992 г. ў чыстыя месцы.

Звесткі аб бібліятэцы:

Дата адкрыцця:  01.01.1952 – 31.12.1952

Кніжны фонд: 12401

Колькасць чытачоў: 529

Дата закрыцця:  01.01.1991 – 31.12.1991

Бібліятэкар, які праводзіў закрыццё: Леонава Галіна Васільеўна

№ дакумента: Заключэнне штаба ГА і ўрача санстанцыі ў 1991 г.