Назва вескі: ВЕРАБ’ЁЎКА

Месцазнаходжанне:

Вёска ў Веткаўскім гарсавеце, за 16 км. на ПнУ ад Веткі, 38 км. ад Гомеля, на р. Беседзь (прыток р. Сож); на ПдУ мяжуе з лесам. Транспартныя сувязі па прасёлачнай, потым аўтадарозе Свяцілавічы—Гомель.

Гістарычная даведка:

Па пісьмовых крыніцах вядома з 18 ст. як вёска ў Рэчкаўскай вол. Беліцкага, з 1852 г. Гомельскага пав. Магілёўскай губ. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) у складзе Рас. імперыі. У 1775 г. 52 жыхары. У 1785 г. ў валоданні кн. Халецкага і княгіні Радзівіл. Па рэвізіі 1858 г. 6 двароў, 56 жыхароў. Гаспадар маёнткаў Вераб’ёўка і Барталамееўка Сенажэцкі меў у 1879 г. 1688 дзес. зямлі. Паводле перапісу 1897 г. 24 двары, 153 жыхары. У 1909 г. 39 двароў. Побач была аднайменная аколіца (9 двароў, 66 жыхароў), якая пазней далучылася да вёскі. У 1926 г. 52 двары, 299 жыхароў, пач. школа, у Бяседскім с/с Веткаўскага р-на Гомельскай акр. У 1929 г. арганізаваны калгас «Чырвоная моладзь», працавалі вятрак (з 1928 г.) і кузня. У 1940 г. 87 двароў, 323 жыхары. У Вял. Айч. вайну 19 вяскоўцаў загінулі на фронце. Паводле перапісу 1959 г. 286 жыхароў. Уваходзіла ў склад саўгаса «Высакаборскі» (цэнтр — в. Барталамееўка). Перад аварыяй на ЧАЭС у склад вёскі ўваходзіла на 01.01.1986 г. 54 двары, пражывала 54 сям’і, колькасць чалавек 130, размяшчаліся магазін, бібліятэка. На 01.01.1990 г. – 37 двароў, 63 жыхары, з іх: 20 працуючых, 2 дзяцей (да 15 гадоў), 41 пенсіянер.

Звесткі аб помніках прыроды, гісторыі, культуры:

Курганны могільнік X – XII ст. За 2 км. на паўднёвы захад ад вёскі. Налічвае 8 курганоў дыяметрам 5–8 метраў, вышынёй 0,3–0,8 м.

Гарадзішча ХIII – XV ст. За 2,2 км. на паўднёвы захад ад вёскі, на пляцоўцы тэрасы левага берага р. Бесядзь, памерам 100х30 м., вышынёй да 4 м.

Звесткі аб знакамітых ураджэнцах:

Ганчароў Сямён Андрэевіч (1911-1941 гг.). У 1921 г. пасля заканчэння пачатковай школы працаваў у сельскай гаспадарцы. У 1930 г. першым уступіў у калгас “Чырвоная моладзь”, дзе працаваў да 1933 г. З 1933 г. да 1936 г. служыў у Чырвонай Арміі. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў свой родны калгас, дзе быў выбран старшынёй. У 1938 г. Сямёна Андрэевіча выбіраюць дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Пасля заканчэння курсаў палітшколы працаваў старшынёй Хальчанскага сельскага Савета, а потым да самай вайны, намеснікам старшыні Веткаўскага райвыканкома. З данясення камандзіра партызанскага атрада І.П. Кожара вядома, што Ганчароў С.А. з групай партыйных работнікаў у кастрычніку 1941г. пры пераходзе лініі фронту ў раёне г. Унеча быў затрыманы нямецкай палявой паліцыяй і адпраўлены ў лагер ваеннапалонных г. Клінцы, а затым пераведзены ў лагер ваеннапалонных г. Гомеля, дзе паводле даносу здрадніка быў расстраляны ў лістападзе 1941 г.

Казуноў Раман Макеевіч (1902-1961). У 1928 г. закончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1938 да 1941 г. працаваў дырэктарам Дзяржаўнай бібліятэкі і бібліяграфічнага інстытута БССР. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі. З 1946 да 1956 г. працаваў намеснікам дырэктара Беларускай дзяржаўнай бібліятэкі імя У.І. Леніна.

Звесткі аб адсяленні:

У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджання жыхары (49 сямей) пераселены ў 1992 г. ў чыстыя месцы.

Звесткі аб бібліятэцы:

Кніжны фонд: 7494

Колькасць чытачоў: 85

Дата закрыцця: 01.12.1991

Бібліятэкар, які праводзіў закрыццё: Коўзелева Валянціна Іванаўна

№ дакумента: Ст. 33 п.1 Рашэння Веткаўскага райвыканкама № 145, ад 24.10.1991 г. “О ликвидации сети клубных и библиотечных учреждений, связанных с аварией на ЧАЭС”.