Назва вескі: КРУКІ
Месцазнаходжанне:
Вёска ў Камарынскім пасялковым Савеце, за 42 км на Пд ад Брагіна, 18 км ад чыг. ст. Ёлча (на лініі Оўруч – Палтава), 172 км ад Гомеля, на р. Несвіч (прыток р. Брагінка); на тэр. Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Транспартныя сувязі па прасёлачнай, потым аўтадарозе Камарын – Брагін.
Гістарычная даведка:
Вядома з 19 ст. як сяло ў Рэчыцкім пав. Мінскай губ. У 1850 г. 22 двары, 165 жыхароў, уладанне памешчыцы Ванчэўскай. Пад 1879 г. пазначана як сяленне Чыкалавіцкага царк. прыхода. У 1885 г. 42 двары, 214 жыхароў, цэнтр Крукаўскай воласці, у якую ўваходзілі 19 сяленняў з 477 дварамі. Паводле перапісу 1897 г. 98 двароў, 525 жыхароў, школа граматы, хлебазапасны магазін, 2 ветракі, карчма, царква, яўрэйскі малітоўны дом; побач знаходзіўся смаляны завод Падзасецкае. У 1908 г. 129 двароў, 711 жыхароў, у Савіцкай воласці. З 8.12.1926 г. да 1987 г. цэнтр Крукаўскага с/с Камарынскага, з 25.12.1962 г. Брагінскага р-наў Рэчыцкай, з 9.6.1927 г. Гомельскай (да 27.6.1930 г.) акруг, з 20.2.1938 г. Палескай, з 8.1.1954 г. Гомельскай абл. У 1929 г. 1254 жыхары, 2 школы, аддз. спажывецкай кааперацыі. У 1930 г. арганізаваны калгас «Парыжская камуна», працавалі вятрак і ваўначоска. У 1940 г. 280 двароў. У Вял. Айч. вайну ў красавіку 1943 г. партызаны разграмілі ў вёсцы ням. гарнізон. У маі 1943 г. фаш. карнікі поўнасцю спалілі вёску і загубілі 25 жыхароў. У баях за вёску і яе наваколле ў лістападзе 1943 г. загінулі 5 воінаў і 2 партызаны (пахаваны ў брацкай магіле ў цэнтры вёскі). На франтах і ў партыз. барацьбе загінуў 101 зямляк, у памяць аб якіх у 1967 г. ўзведзены ў цэнтры вёскі абеліск. Паводле перапісу 1959 г. 650 жыхароў. У 1962 г. да вёскі далучана в. Нарагі. Была цэнтрам калгаса імя У.І. Леніна. Дзейнічалі камбінат быт. абслугоўвання, лясніцтва, сярэдняя школа, клуб, б-ка, фельч.-акушэрскі пункт, аддз. сувязі, магазін. Перад аварыяй на ЧАЭС у склад вёскі ўваходзілі 194 двары, налічвалася 439 жыхароў, працавалі магазін, ФАП, КБА, бібліятэка, лясніцтва, школа, клуб.
Звесткі аб помніках прыроды, гісторыі, культуры:
Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, помнік землякам. Пахаваны 5 воінаў і 2 партызаны, якія загінулі ў лістападзе 1943г. У 1967 г. на ўшанаванне памяці воінаў і партызан, а таксама 101 земляка, якія загінулі ў Вялікай Айчыннай вайне на магіле пастаўлены абеліск.
Звесткі аб адсяленні:
Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджання жыхары (170 сямей) пераселены ў 1986 г. ў чыстыя месцы (распараджэнне СМ БССР № 481-рс от 20.06.1986).
Звесткі аб бібліятэцы:
Дата адкрыцця: 01.01.1962 – 31.12.1962
Кніжны фонд: 9430
Колькасць чытачоў: 374
Дата закрыцця: 10.08.1986
Бібліятэкар, які праводзіў закрыццё: Кузменка Лідзія Уладзіміраўна
№ дакумента: Загад № 23 ад 10.08.86 г.