Назва вескі: ГЛУХАВІЧЫ
Месцазнаходжанне:
Вёска ў Спярыжскім с/с, за 5 км на ПдУ ад Брагіна, 29 км ад чыг. ст. Хойнікі (на ветцы Васілевічы – Хойнікі ад лініі Калінкавічы – Гомель), 134 км ад Гомеля. Транспартныя сувязі па прасёлачнай, потым аўтадарозе Камарын – Брагін.
Гістарычная даведка:
Па пісьмовых крыніцах вядома з 15 ст. як сяленне ў Мінскім ваяводстве ВКЛ. З 16 ст. ў валоданні кн. Вішнявецкіх, з 2-й паловы 17 ст. – Канецпольскіх. Дзейнічала Міхайлаўская царква (з 1752 г. захоўваліся метрычныя кнігі). Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) у складзе Рас. імперыі. З 1811 г. ў валоданні Ракіцкіх. У 1842 г. на сродкі графа Ракіцкага замест састарэлай пабудавана новая драўляная царква. У 1850 г. 67 двароў, 462 жыхары, дзейнічала царкоўнапрыходская школа. У 1885 г. 89 двароў, 504 жыхары, нар. вучылішча. Працаваў спіртаачышчальны завод Д.Т. Мысліна (паравы рухавік, 8 рабочых). У 1908 г. 151 двор, 909 жыхароў. З 8.12.1926 г. да 1987 г. цэнтр Глухавіцкага с/с Брагінскага р-на Рэчыцкай, з 9.6.1927 г. Гомельскай (да 26.7.1930 г.) акруг, з 20.2.1938 г. Палескай, з 8.1.1954 г. Гомельскай абл. У 1930 г. 153 двары, пачатковая школа. У 1931 г. арганізаваны калгасы «Узыходзячая зара» і імя М.І. Калініна, працавалі паравы млын, конная крупарушка (з 1928 г.), вятрак (з 1916 г.), 2 кузні, цыркулярка. У Вял. Айч. вайну ў баі за вызваленне Глухавіч і суседніх вёсак 27.11.1943 г. загінулі 3 воіны і 1 партызан. На франтах і ў партыз. барацьбе загінулі 288 землякоў. Паводле перапісу 1959 г. 971 жыхар. У 1962 г. да вёскі далучана в. Двор-Глухавічы. У 1970 г. 268 двароў, 906 жыхароў. Да кастрычніка 1986 г. працавалі рамонтна–механічныя майстэрні, ветэрынарны пункт, васьмігадовая школа, Дом культуры, бібліятэка, аддзяленне сувязі, ФАП, магазін, майстэрня бытавога абслугоўвання, кантрольны пункт па назіранні за мясцовасцю. У складзе вёскі 258 двароў, насельніцтва - 616 жыхароў.
Звесткі аб помніках прыроды, гісторыі, культуры:
Брацкая магіла. Пахаваны воіны і партызаны, якія загінулі 27.11.1943 г. У 1967 г. на магіле пастаўлены абеліск. Помнік землякам. На ўшанаванне памяці 288 землякоў. У 1967 г. пастаўлены абеліск.
Звесткі аб знакамітых ураджэнцах:
Радзіма акад. Нац. АН Беларусі, доктара хім. навук, прафес., засл. дзеяча навукі БССР М.М. Паўлючэнкі і Героя Сац. Працы Р.М. Мігая.
Звесткі аб адсяленні:
Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС жыхары (236 сямей) пераселены ў 1986 г. ў чыстыя месцы (распараджэнне СМ БССР № 418-рс от 28.05.86).
Звесткі аб бібліятэцы:
Дата адкрыцця: 01.01.1926 – 31.12.1926
Кніжны фонд: 7439
Колькасць чытачоў: 701
Дата закрыцця: 27.10.1986
Бібліятэкар, які праводзіў закрыццё: Смальцар Алена Іванаўна
№ дакумента: Загад № 28 ад 27.10.86 г.