Назва вескі: ШАПАТОВІЧЫ
Месцазнаходжанне:
Вёска ў Ленінскім с/с, за 13 км. на Пд ад Чачэрска, 37 км. ад чыг. ст. Буда-Кашалёўская (на лініі Гомель — Жлобін), 65 км. ад Гомеля, на аўтадарозе Чачэрск — Прысне, на У — меліярацыйныя каналы і пойма р. Сож.
Гістарычная даведка:
Паводле пісьмовых крыніц вядома з 16 ст. як сяленне ў Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. ВКЛ. Упамінаецца ў інвентары Чачэрскага староства 1726 г. Пасля І-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Рас. імперыі. З 1832 г. дзейнічала карчма. У 1848 г. 35 двароў. У 1872 г. памешчык Драбышэўскі валодаў тут 176 дзес. зямлі, якія дасталіся яму па спадчыне. У 1868 г. 63 двары, 375 жыхароў. У 1880 г. 83 двары, 521 жыхар. Паводле перапісу 1897 г. 112 двароў, 714 жыхароў, царква, 4 ветракі, крупарушка, 2 маслабойні. У 1909 г. 750 жыхароў, школа, вінная крама, у Дудзіцкай вол. Рагачоўскага пав. Магілёўскай губ. У 1926 г. 122 двары, паштовы пункт, пач. школа. З 8.12. 1926 г. да 30.12.1927 г. цэнтр Шапатовіцкага с/с Чачэрскага р-на Гомельскай акругі. Паблізу размяшчаўся запаведнік баброў. У 1931 г. арганізаваны калгас «Камінтэрн», працавалі крупарушка, вятрак і кузня. 69 вяскоўцаў загінулі на франтах Вял. Айч. вайны. Паводле перапісу 1959 г. 343 жыхары. Уваходзіла ў склад калгаса «XXIV партз’езд» (цэнтр — в. Сябровічы). У 1989 г. 84 двары, 180 жыхароў.
Звесткі аб помніках прыроды, гісторыі, культуры:
Гарадзішча. Вядома пад назвай Курган. Пляцоўка авльная, памерам 100х90 м., вышынёй над поплавам 6-8 м., умацавана кальцавым валам вышынёй да 1-1,2 м. У культурным пласце знойдзена ляпная кераміка, косці жывёл, вуголле, абпаленыя камяні.адносіцца да зарубінецкай культуры, датуецца ІІ ст. да н.э.
Гарадзішча вядома пад назвай Царковішча. За 0,3 км. на поўдзень ад гарадзішча Курган. Мае авальную форму, памер 50х40 м., узвышаецца над поплавам р. Сож 3-4 м. У агелення пляцоўкі сабрана ляпная кераміка. Адносіцца да зарубінецкай культуры, датуецца ІІ ст. да н.э. – V ст. н.э. Раскопкі не праводзіліся.
Паселішча 1. У культурным пласце знойдзена кераміка з ямачна-грыбенчатым арнаментам, крамянёвыя скрэблы, наканечнікі стрэл. Адносіцца да верхнедняпроўскай культуры, датуецца 3-м тысячагоддзем да. н. э.
Паселішча 2. Памер 200х50 м. У культурным пласце 0,45 м. знаходкі, як і на паселішчы 1. Адносіцца да вернедняпроўскай культуры, датуецца 3-м тысячагоддзем да н. э.
Звесткі аб знакамітых ураджэнцах:
Васьковіч Зінаіда Сямёнаўна, медыцынскі работнік, узнагароджана значком «Выдатнік аховы здароўя Беларусі».
Звесткі аб адсяленні:
У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджання жыхары (84 сям’і) у 1992 г. пераселены ў чыстыя месцы.