Назва вескі: СЯБРОВІЧЫ

Месцазнаходжанне:

Вёска ў Ленінскім с/с, за 15 км. на Пд ад Чачэрска, 46 км. ад чыг. ст. Буда-Кашалёўская (на лініі Гомель — Жлобін), 79 км. ад Гомеля, на аўтадарозе Чачэрск — Прысне, на ўсх. ускраіне — старыца р. Сож, на Пд — меліярацыйны канал, злучаны з р. Сож.

Гістарычная даведка:

Паводле пісьмовых крыніц вядома з 16 ст. як сяленне ў Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. ВКЛ. Паводле інвентару 1704 г. 5, у 1726 г. 13 дымоў, цэнтр войтаўства, у Чачэрскім старостве, на тракце Рагачоў — Гомель. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Рас. імперыі. З 1832 г.дзейніча- лі карчма і перавоз цераз р. Сож. Паводле рэвізскіх матэрыялаў 1859 г. ў Пячэрскай вол., у валоданні графа І.І.Чарнышова-Круглікава. З 1880 г. працаваў хлебазапасны магазін. Паводле перапісу 1897 г. 84 двары, 552 жыхары, хлебазапасны магазін, 2 ветракі, у Дудзіцкай вол. Рагачоўскага пав. Магілёўскай губ. Створаны ў 1918 г. ў вёсцы баявы атрад вёў актыўныя дзеянні супраць польскіх легіянераў і герм. войск. З 8.12.1926 г. да 16.7.1954 г. цэнтр Новазарэцкага с/с Чачэрскага р-на Гомельскай (да 26.7.1930) акругі, з 20.2.1938 г. Гомельскай вобл. У 1929 г. арганізаваны калгас «Камінтэрн», працавалі кузня і 2 ветракі. У1931 г. адкрыта хата-чытальня. У Вял. Айч. вайну ням. акупанты загубілі 40 жыхароў. 72 вяскоўцы загінулі на франтах Вял. Айч. вайны. Паводле перапісу 1959 г. 490 жыхароў. У 1979 г. ў вёску перасяліліся жыхары суседняга пас. Ляскі. Была цэнтрам калгаса «XXIV партз’езд». Размяшчаліся камбінат быт. абслугоўвання, 8-гадовая школа, Дом культуры (мураваны будынак узведзены ў 1960), фельч.-акушэрскі пункт, вет. ўчастак, аддз. сувязі, 2 магазіны.

Звесткі аб помніках прыроды, гісторыі, культуры:

Паселішча 3-га тысячагоддзя да н.э. (за І км. на ПнУ ад вёскі, ва ўрочышчы Ліпаў Брод).

Бескурганны могільнік І-й пал. 2-га тысячагоддзя да н.э. (на ПнУ ад вёскі), гарадзішча 7—3 ст. да н.э. (на паўд. ускраіне).

Курганны могільнік 9—12 ст. (4 насыпы, на паўн. ускраіне).

Селішча 7—3 ст. да н.э. (за 0,5 км. на У).

Звесткі аб знакамітых ураджэнцах:

Р.Н. Падабедаў, удзельнік партыз. руху ў Вял. Айч. вайну (закатаваны акупантамі, яго імя носіць вуліца і дзіцячая б-ка ў Чачэрску).

А.Н. Падабедаў, засл. работнік прамысловасці Беларусі.

Іван Іванавіч Падабедаў, глебазнавец, кандыдат сельскагаспадарчых навук (1988), дацэнт (2010). Нарадзіўся 26.02.1952. Адукацыя: Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя М. В. Ламаносава (спецыяльнасць "Глебазнаўства і аграхімія", 1979; аспірантура, спецыяльнасць "Аграфізіка", 1983). Месца працы, пасада: Палескі дзяржаўны ўніверсітэт (2011–2015, кафедра ландшафтнага праектавання, дацэнт), Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт (з 2015, інжынерны факультэт, кафедра аграрных дысцыплін, загадчык кафедры).

Звесткі аб адсяленні:

У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджання жыхары (128 сямей) у 1992 г. пераселены ў чыстыя месцы.