Назва вескі: ПЛОСКАЕ

Месцазнаходжанне:

Пасёлак у Кармянскім с/с, за 11 км на У ад раённага цэнтра і чыг. ст. Добруш (на лініі Гомель Унеча), 34 км ад Гомеля; вакол лес, на У і Пн меліярацыйныя каналы, злучаныя з р. Іпуць (прыток  р. Сож). Транспартныя сувязі па прасёлачнай, потым аўтадарозе Санькова Добруш.

Гістарычная даведка:

Засн. ў канцы 19 ст. перасяленцамі з суседніх вёсак. Паводле перапісу 1897 г. хутар, 26 жыхароў, у Вылеўскай воласці Гомельскага пав. У 1926 г. лясная старожка, 11 двароў, 38 жыхароў, у Добрушскім р-не Гомельскай акругі. У 1929 г. пасялкоўцы  ўступілі ў калгас. Паводле перапісу 1959 г. 137 жыхароў. Уваходзіў у склад калгаса «Абарона» (цэнтр в. Карма). Планіровачна складаецца з кароткай шыротнай вуліцы, забудаванай драўлянымі сял. сядзібамі. Напярэдаднi аварыi на Чарнобыльскай АЭС 22 двары, 31 жыхар, магазiн.

Звесткі аб адсяленні:

У сувязі з радыяцыйным забруджаннем у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС жыхары (22 сям’і) у 1990-92 гг. пераселены ў чыстыя месцы.