Назва вескі: РАДЗІН

Месцазнаходжанне:

Вёска ў Стралічаўскім с/с, за 50 км. на Пд ад раённага цэнтра і чыг. ст. Пасудава (на ветцы Васілевічы—Хойнікі ад лініі Калінкавічы—Гомель), за 153 км. ад Гомеля, на тэр. Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, на Пн сетка меліярацыйных каналаў, злучаных з р. Прыпяць (прыток р. Дняпро). Транспартныя сувязі па прасёлачнай, потым аўтадарозе Даўляды—Хойнікі.

Гістарычная даведка:

Паводле пісьмовых крыніц вядома з пач. 19 ст. як сяленне ў Дзёрнавіцкай вол. Рэчыцкага пав. Мінскай губ. У 1834 г. 42 двары, уладанне А.І. Горвата. У 1885 г. 50 двароў, 270 жыхароў. Паводле перапісу 1897 г. 68 двароў, 457 жыхароў, капліца, хлебазапасны магазін. Побач быў аднайменны фальварак. З пач. 20 ст., калі памешчык высяляў з в. Фізінкі Нараўлянскага р-на латышскія сем’і, у вёску перасяліліся 15 латышскіх сямей. У 1908 г. вёскі Радзін (96 двароў, 603 жыхары) і Новы Радзін (87 двароў, 501 жыхар). З 8.12.1926 г. да 1986 г. цэнтр Радзінскага (Новарадзінскага) с/с Камарынскага, з 25.12.1962 г. Хойніцкага р-наў Рэчыцкай, з 9.6.1927 г. Гомельскай (да 26.7.1930) акруг, з 20.2.1938 г. Палескай, з 8.1.1954 г. Гомельскай абласцей. З 1920-х гг. у в. Новы Радзін дзейнічала школа. У 1930 г. арганізаваны калгас імя С.М.Будзённага (в. Стары Радзін) і калгас «Новая праца» (в. Новы Радзін), працавалі 2 кузні, ваўначоска, ветраны і паравы млыны. У 1940 г. 187 двароў. У Вял. Айч. вайну ў маі 1943 г. ням. акупанты поўнасцю спалілі вёску і загубілі 37 жыхароў (пахаваны ў магіле ахвяр фашызму на могілках). У баях каля вёскі загінулі 20 воінаў (пахаваны ў брацкай магіле на могілках). 73 вяскоўцы загінулі на фронце. Паводле перапісу 1959 г. ў в. Новы Радзін — 37, у в. Стары Радзін — 409 жыхароў. Была цэнтрам калгаса «Новае жыццё». Размяшчаліся камбінат быт. абслугоўвання, лесапільня, млын, сярэдняя школа, клуб, б-ка, фельч.-акушэрскі пункт, аддз. сувязі, магазін. Да Вял. Айч. вайны ў склад Радзінскага с/с уваходзіла в. Перавессе, якую ням. акупанты 23.5.1943 г. спалілі (18 двароў) і загубілі 34 жыхароў, не адрадзілася, увекавечана ў мемарыяльным комплексе «Хатынь».

Звесткі аб знакамітых ураджэнцах:

Ю.П. Сергіенка, бел. мастак.

Звесткі аб адсяленні:

У сувязі з радыяцыйным забруджаннем пасля Чарнобыльскай катастрофы жыхары (306 сямей) пераселены ў чыстыя месцы (распараджэнне СМ БССР № 418-рс ад 20.06.86).

Звесткі аб бібліятэцы:

Кніжны фонд: 10794

Колькасць чытачоў: 450

Дата закрыцця: 19.08.1986

Бібліятэкар, які праводзіў закрыццё: Аніскавец Ніна Сцяпанаўна.

№ дакумента: Рашэнне райвыканкама №225 ад 19 жніўня 1986 г.