Назва вескі: ПАГОННАЕ
Месцазнаходжанне:
Вёска ў Стралічаўскім с/с, за 48 км. на ПдЗ ад раённага цэнтра і чыг. ст. Хойнікі (на ветцы Васілевічы—Хойнікі ад лініі Калінкавічы—Гомель), за 150 км. ад Гомеля, на тэр. Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, на Пн і У сетка меліярацыйных каналаў, злучаных з р. Прыпяць (прыток р. Дняпро). Транспартныя сувязі па прасёлачнай, потым аўтадарозе Даўляды—Хойнікі.
Гістарычная даведка:
Паводле пісьмовых крыніц вядома з 18 ст. як сяленне ў Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Рас. імперыі. У 1795 г. 11 двароў. У 1850 г. 16 двароў, 123 жыхары, уласнасць казны. Пад 1879 г. пазначана ў ліку сяленняў Аравіцкага царк. прыхода. Уваходзіла ў склад аднайменнага маёнтка памешчыка Яльніцкага, які ў 1870 г. меў тут 123 дзес. зямлі. У 1885 г. 23 двары, 174 жыхары. Заходняя экспедыцыя пад кіраўніцтвам Жыліцкага праводзіла каля вёскі ў 1894 г. меліярацыйныя работы. Паводле перапісу 1897 г. 47 двароў, 290 жыхароў, нар. вучылішча, хлебазапасны магазін, у Дзёрнавіцкай вол. Рэчыцкага пав. Мінскай губ. У 1908 г. 64 двары, 533 жыхары. З 8.12.1926 г. да 30.12.1927 г. цэнтр Пагонненскага с/с Хойніцкага р-на Рэчыцкай, з 9.6.1927 г. Гомельскай акруг. У 1939 г. арганізаваны калгас. У 1940 г. 80 двароў. У Вял. Айч. вайну ў маі 1943 г. ням.-фаш. акупанты поўнасцю спалілі вёску і загубілі 13 жыхароў. На франтах і ў партыз. барацьбе загінулі 89 жыхароў з вёсак саўгаса «Перамога сацыялізму», памяць аб якіх увекавечвае скульптурная кампазіцыя, пастаўленая ў 1971 г. ў цэнтры вёскі. Паводле перапісу 1959 г. 1322 жыхары. У 1976 г. ў вёску перасяліліся жыхары суседняга пас. Баравіца. Была цэнтрам саўгаса «Перамога сацыялізму». Перад аварыяй на ЧАЭС у склад вёскі ўваходзіў 421 двор, пражывала 421 сям’я, колькасць чалавек 1053. Знаходзілася 3 магазіны, лесапільня, млын, механічныя майстэрні, КБА, Дом культуры, бібліятэка, дзіцячы сад-яслі ,хлебазавод, бальніца, аддзяленне сувязі, сталовая, сярэдняя школа.
Звесткі аб помніках прыроды, гісторыі, культуры:
Помнік землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну у цэнтры вёскі. У 1971 г. пастаўлена скульптурная кампазіцыя: воін і партызанка.
Звесткі аб знакамітых ураджэнцах:
Саханчук Еўдакія Сідараўна (нар. у 1914 г.). З 1930 г. працавала ў калгасе «Перамога сацыялізму». За поспехі ў развіцці жывёлагадоўлі і атрыманні высокіх паказчыкаў па надоях малака ўзнагароджана ордэнам Леніна (1974).
Звесткі аб адсяленні:
У сувязі з радыяцыйным забруджаннем пасля Чарнобыльскай катастрофы жыхары (421 сям’я) пераселены ў чыстыя месцы, пераважна ў Жлобінскі р-н (распараджэнне СМ БССР № 418-рс ад 20.06.86).
Звесткі аб бібліятэцы:
Кніжны фонд: 5276
Колькасць чытачоў: 724
Дата закрыцця: 01.01.1986 – 31.12.1986
Бібліятэкар, які праводзіў закрыццё: Глюза Валянціна Барысаўна