Назва вескі: БАБЧЫН

Месцазнаходжанне:

Вёска ў Стралічаўскім с/с, за 12 км на Пд ад раённага цэнтра і чыг. ст. Хойнікі (на ветцы Васілевічы— Хойнікі ад лініі Калінкавічы—Гомель), за 122 км ад Гомеля, на тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, на Пд і З меліярацыйныя каналы, злучаныя з Паганянскім каналам. Транспартныя сувязі па прасёлачнай, а затым аўтадарозе Хойнікі—Брагін.

Гістарычная даведка:

Паводле пісьмовых крыніц вядома з 16 ст. як вёска ў Кіеўскім ваяв. У 1740 г. паблізу месца, дзе раней размяшчаўся замак уладальніка мястэчка Вішнявец¬ кага, збудавана Крыжаўзвіжанская драўляная царква. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Рас. імперыі. У 1811 г. сяло, ва ўладанні Ра- кіцкіх. У 1834 г. 53 двары. У 1844 г. ўладанне Аскеркаў. У 1850 г. 315 жыхароў. У 1885 г. 56 двароў, 357 жыхароў, вінакурня, млын. Паводле перапісу 1897 г. сяло (92 двары, 523 жыхары, царква, капліца, 2-класная царк.-прыходская школа, крама, вятрак) і фальварак (2 двары, 51 жыхар), у Мікуліцкай вол. Рэчыцкага пав. Мінскай губ. У 1905 г. створаны сял. саюз. У 1908 г. 120 двароў, 713 жыхароў. З 8.12.1926 г. да 16.7.1954 г. цэнтр Бабчынскага с/с Хойніцкага р-на Палескай вобл. У 1930 г. арганізаваны калгасы «Камінтэрн» і «Кастрычнік», працавалі 2 ветракі, 4 кузні. У Вял. Айч. вайну ням. акупанты 17.5.1943 г. расстралялі 21 жыхара (пахаваны ў 4 магілах ахвяр фашызму, за З км на Пд ад вёскі). На франтах і ў партыз. барацьбе загінулі 294 землякі — жыхары вёсак былога калгаса «Кастрычнік», памяць аб якіх увекавечвае скульптурная кампазіцыя, пастаўленая ў 1970 г. ў цэнтры вёскі, у скверы. Паводле перапісу 1959 г. 839 жыхароў. Была цэнтрам калгаса «Кастрычнік». Размяшчаліся лясніцтва, сярэдняя школа (імя засл. дзеяча культуры БССР В.П. Палескага, ураджэнца в. Астрагляды Брагінскага р-на), Дом культуры, б-ка, фельч.-акушэрскі пункт, аддз. сувязі, магазін. Перад аварыяй на ЧАЭС у склад вёскі ўваходзіла 194 двары, пражывала 194 сям’і, колькасць чалавек 728. Непадалёку ад вёскі ёсць тарфяныя залежы. У вёсцы знаходзіцца навуковы аддзел Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, які быў утвораны Пастановай ЦК КПБ, Савета Міністраў БССР №59-5 ад 24.02.1988 г.

Звесткі аб помніках прыроды, гісторыі, культуры:

Магіла ахвяр фашызму. За 3 км. на поўдзень ад вёскі. У 4 магілах пахаваны 21 мірны жыхар вёскі, якіх 17.05.1943 г. расстралялі нямецка-фашысцкія захопнікі. У 1955 годзе пастаўлены абеліск.

Помнік землякам. У цэнтры вёскі, у скверы. На ўшанаванне памяці 294 землякоў, якія загінулі на франтах у Вялікую Айчынную вайну, у 1970 годзе пастаўлены помнік – скульптурная кампазіцыя: воін і партызанка.

Мемарыяльная дошка Палескаму Вячаславу Пятровічу. На будынку сярэдняй школы. Устаноўлена ў 1971 годзе на ўшанаванне памяці беларускага савецкага драматурга В.П. Палескага, які ў 1925-29 гг. вучыўся ў гэтай школе.

Месца базіравання Хойніцкага падпольнага райкома КП(б)Б і асобнага партызанскага атрада імя В.І. Чапаева. За 10 км. на поўдзень ад вёскі, недалёка ад дарогі Хойнікі-Даўляды.

Звесткі аб знакамітых ураджэнцах:

Ч. Пяткевіч (20.07.1856-10.10.1936), польскі і бел. этнограф і фалькларыст.

Ф.П. Кірычэнка, ген.-м.

Мікалай Міхайлавіч (Мікола) Мятліцкі (нар. 20.03.1954), беларускі паэт, перакладчык, публіцыст, журналіст. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы (1998). Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларускай ССР (1986). Лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва (2013 года). Член Саюза пісьменнікаў СССР (1981).

Звесткі аб адсяленні:

У сувязі з радыяцыйным забруджаннем пасля Чарнобыльскай катастрофы жыхары (194 сям’і) пераселены ў чыстыя месцы (распараджэнне СМ БССР № 418-рс ад 25.05.86).

Звесткі аб бібліятэцы:

Кніжны фонд: 12294

Колькасць чытачоў: 644

Дата закрыцця: 19.08.1986 – 31.12.1986

Бібліятэкар, які праводзіў закрыццё: Косар Тамара Сцяпанаўна

№ дакумента: Рашэнне райвыканкама №225 ад 19 жніўня 1986 г.