Назва вескі: СТАРЫЯ ГРАМЫКІ

Месцазнаходжанне:

Вёска ў Свяцілавіцкім с/с, за 33 км.. на ПнУ ад Веткі, 58 км.. ад Гомеля, на р. Беседзь (прыток р. Сож). Транспартныя сувязі па прасёлачнай, потым аўтадарозе Свяцілавічы—Гомель.

Гістарычная даведка:

Па пісьмовых крыніцах вядома з пач. 17 ст. як аколіца Грамыкі ў Чачэрскім старостве Рэчыцкага пав. Мінскага ваяв. У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца пад 1609 г. У 1726 г. 21 дым. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) у складзе Рас. імперыі. У 1775 г. 41 двор, 238 жыхароў. У 1785 г. ў валоданні В.Ермалаева і Д.Маліноўскага. У 1810 г. засн. шкларобнае прадпрыемства, на якім у 1818 г. працавала 17 рабочых. Паводле рэвізіі 1816 г. ў Рагачоўскім пав. Магілёўскай губ., 11 двароў, 36 жыхароў. З 1827 г. дзейнічала царква. Дваранін Лашкевіч меў тут у 1836 г. 208 дзес. зямлі, якія дасталіся яму па спадчыне, і ў 1841 г. ён дадаткова купіў частку вясковай зямлі. У 1868 г. 51 двор, 284 жыхары. Паводле перапісу 1897 г. 84 двары, 533 жыхары, 2 ветракі. У 1909 г. ў вёсцы і аколіцы 556 жыхароў, 1400 дзес. зямлі. У 1926 г. 98 двароў, паштовы пункт, пач. школа, у Нова-Стараграмыцкім с/с Свяцілавіцкага р-на Гомельскай акр. У 1930 г. арганізаваны калгас «Гарадок», працавалі вятрак і кузня. У Вял. Айч. вайну 36 вяскоўцаў загінулі на фронце. Паводле перапісу 1959 г. 286 жыхароў. Уваходзіла ў склад саўгаса «Зарэчны» (цэнтр — в. Гарысты). Перад аварыяй на ЧАЭС на 01.01.1986г. у склад вёскі ўваходзіла 67 двароў, пражывала 67 сем’яў, колькасць чалавек 144. На 01.01.1990г. 49 двароў, 94 жыхары, з іх: 33 працуючых, 21 дзяцей (да 15 гадоў), 40 пенсіянераў.

Звесткі аб помніках прыроды, гісторыі, культуры:

Курганны могільнік. За 0,3 км на паўднёвы захад ад вёскі, ва ўрочышчы Курганне, на правым беразе р. Бесядзь. 69 насыпаў вышынёй 0,5 – 2 м (4 насыпы вышынёй 2,5 м), дыяметрам 5-10 м.(адзін насып дыяметрам 15 м). Абследавалі ў пачатку ХХ ст. Е.Р. Раманаў, у 1975г. С.М. Васільева. Раскопкі не праводзіліся. Селішча. На паўднёвай ўскраіне вёскі на правым беразе р. Бесядзь. Выцягнута ўздоўж берага ракі 100 – 120 м. Абследаваў у 1980г. А.А. Макушнікаў. Культурны пласт у абрывах каля 0,3 м. У ім знойдзена ганчарная кераміка. Селішча адносіцца да эпохі Кіеўскай Русі. Раскопкі не даводзіліся. Матэрыялы абследавання захоўваюцца ў Гомельскім абласным краязнаўчым музеі.

Звесткі аб знакамітых ураджэнцах:

Грамыка Андрэй Андрээвіч, вядомы савецкі дзяржаўны дзеяч і дыпламат. (18.07.1909–2.07.1989 г). Малазямельная сям’я не мела сродкаў, каб пракарміцца. Бацька шукаў заробак на баку. Падлеткам Андрэй не раз хадзіў з бацькай на заробкі. Нягледзячы на цяжкасці і беднасці, бацькі рабілі ўсё, каб вывучыць дзяцей. Андрэй Андрээвіч скончыў вясковую школу першай, а потым і другой ступеней, тэхнікум, эканамічны інстытут у Мінску (1932г.). Пасля заканчэння інстытута вучыўся ў аспірантуры. У 1936г. абараніў кандыдацкую дысертацыю і пачаў працаваць у Інстытуце эканомікі Акадэміі навук СССР – старшым навуковым супрацоўнікам, вучоным сакратаром. У 1939г. ён быў вылучаны на пасаду загадчыка аддзела амерыканскіх краін наркамата замежных спраў СССР, затым саветніка пасольства СССР у Вашынгтоне. У Вашынгтон А.А. Грамыка прыехаў увосень 1939г. Ён прыняў самы актыўны ўдзел ва ўмацаванні саюзніцкіх адносін паміж СССР і ЗША. У 1941–1942 гг. узначальваў пасольства ў якасці паверанага па справах, са жніўня 1943г. ён пасол СССР у Злучаных Штатах Амерыкі. У напружаных умовах ваеннага часу праз яго вялася прамая сувязь паміж кіраўніцтвам СССР і ЗША. Ён актыўны ўдзельнік буйнейшых міжнародных канферэнцый кіраўнікоу СССР, ЗША і Вялікабрытаніі: Ялцінскай (люты 1945г.), Патсдамскай (ліпень – жнівень 1945г.). На ўстаноўчай канферэнцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Думбартан-Оксе (1944г.) А.А. Грамыка прадстаўляе СССР. Ад імя Савецкага Саюза ён падпісвае ўстаноўчыя дакументы канферэнцыі Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска (25 красавіка–26 чэрвеня 1945г.). Ён пастаянны прадстаўнік СССР пры ААН, адначасова з красавіка 1946г. намеснік міністра замежных спраў СССР. Пасля вяртання на Радзіму, у жніўні 1948г. А.А. Грамыка – намеснік міністра, з 1949г. – першы намеснік міністра замежных спраў СССР. У цяжкія гады так званай “халоднай вайны” ён быў паслом СССР у Лондане, а затым – першым намесенікам міністра замежных спраў СССР, а з 1957г. да 1985г. міністрам замежных спраў СССР. З сакавіка 1983г. ён адначасова першы намеснік Старшыні Савета Міністраў СССР. У 1985г. – 1987г. ён Старшыня Презідыума Вярхоўнага Савета СССР. А.А. Грамыка быў членам ЦК КПСС з 1956г., членам Палітбюро ЦК КПСС у 1973–1988гг. Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР у 1946–1950гг., 1958–1988гг. Шырокі палітычны кругагляд, глыбокія веды ў вобласці гісторыі і эканомікі, рэдкасная памяць на падзеі і з’явы, надзвычайная працавітасць – усе гэтыя рысы былі ўласцівы А.А. Грамыка. Займаўся і навуковай дзейнасцю. Ён – доктар эканамічных навук (1956.). Яго пяру належаць грунтоўныя даследаванні ў практыцы міжнароднай эканомікі, эканомікі вялікіх дзяржаў свету. Пад яго рэдакцыяй выйшлі такія працы, як “Знешняя палітыка Расіі канца ХІХ – пачатку ХХ века”, “Дакументы знешняй палітыкіСССР”, “Гісторыя другой Сусветнай вайны 1939–1945гг.”, “Гісторыя дыпламатыі” і інш. Навуковая дзейнасць А.А. Грамыкі атрымала належнае прызнанне. Яму прысуджаны Ленінская і Дзяржаўная прэміі. Ён таксама аўтар успамінаў “Памятнае” (кн. 1 – 2, 2-е выд., 1990г.). Радзіма высока ацаніла заслугі А.А. Грамыкі. Ён – двойчы Герой Сацыялістычнай Працы (1969., 1979г.), узнагароджаны 7 ордэнамі Леніна, ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знак Пашаны”, медалямі. А.А. Грамыка – кавалер шматлікіх замежных ордэнаў, лаўрэат Дзімітроўскай прэміі за мір, дэмакратыю і сацыяльны прагрэс. На роднай зямлі, у горадзе Гомелі, пастаўлены бронзавы бюст А.А. Грамыка.

Грамыка Віктар Дзмітрыевіч, нарадзіўся ў 1931г. З 1946г. да 1950г. вучыўся ў Гомельскім чыгуначным тэхнікуме. У 1951–1988гг. служыў ва Узброеных сілах СССР. Палкоўнік. Кандыдат тэхнічных навук. Узнагароджаны 10 ордэнамі і медалямі, у тым ліку медалём Народнай Рэспублікі Балгарыя.

Грамыка Віктар Іванавіч (1911–1977 гг.), нарадзіўся у сям’і селяніна-бедняка. Закончыў Хізаўскае пачатковае вучылішча. Працаваў піянерважатым у школе, у апараце райкома камсамола. У 1932г. закончыў Ленінградскае вучылішча сувязі, у 1939–1941 гг. слухач Акадэміі імя М.В. Фрунзе. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. З 1945г. па 1947г. слухач Акадэміі імя С.М. Будзённага ў Ленінградзе. У 1955г. закончыў Акадэмію Генштаба. Генерал-маёр (1961). Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І і ІІ ступеней, Чырвонай Зоркі (чатыры), медалямі.

Грамыка Віктар Канстанцінавіч, нарадзіўся ў 1931г. Закончыў Хізаўскую сярэднюю школу ў 1951г., Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут у 1957г., аспірантуру ў 1962г., абараніў кандыдацкую дысертацыю. З 1957г. галоўны заатэхнік саўгаса, малодшы навуковы супрацоўнік Навукова-даследчага інстытута жывёлагадоўлі Акадэміі навук БССР, затым працаваў у Міністэрстве сельскай гаспадаркі рэспублікі.

Грамыка Марыя Фёдараўна, нарадзілася ў 1921г. ў сям’і селяніна. У 1938г. закончыла Новаграмыцкую няпоўную сярэднюю школу і паступіла ў Гомельскую фельчарска-акушэрскую школу, якую закончыла ў 1941г., працавала ў в. Малыя Нямкі загадчыцай фельчарска-акушэрска пункта. 26 ліпеня 1941г. прызвана ў рады Чырвонай Арміі. На пасадзе ваенфельчара, лейэнант медслужбы Марыя Фёдараўна ў складзе дзеючай арміі. Пасля дэмабілізацыі ў 1946г. па 1949г. – загадчыца ФАП у вёсцы Жалезнікі. З 1949г. па 1984г. працавала загадчыцай ФАП Хізаўскага сельсавета. Узнагароджана ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі.

Грамыка Рыгор Пятровіч (1921–1973 гг.). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Закончыў Віцебскае мастацкае вучылішча. З 1947г. выкладчык чарчэння і малявання, супрацоўнік, рэдактар мастацкага аддзела часопіса “Вожык”. Больш за 30 гадоў на старонках часопіса “Вожык” і іншых гумарыстычных часопісаў, у перыядычным друку змяшчаліся яго гумарыстычныя малюнкі. Удзельнік усіх рэспубліканскіх мастацкіх выставак сатыры і гумару, Усесаюзнай выстаўкі савецкай карыкатуры. Аўтар многіх сатырычных і гумарыстычных малюнкаў бібліятэкі “Вожыка”.

Савасценка Аляксандр Андрэевіч, нарадзіўся ў 1938г. Закончыў Барталамееўскую сярэднюю шолу, Маскоўскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя У.І. Леніна, аспірантуру Белдзяржуніверсітэта. Кандыдат філасофскіх навук, дацэнт. Працаваў настаўнікам Стаўбунскай СШ Веткаўскага раёна, выкладчыкам, загадчыкам кафедры Мінскага інстытута замежных моў, на партыйнай і гаспадарчай рабоце ў рэспубліканскіх органах.

Звесткі аб адсяленні:

У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджання жыхары пераселены ў 1992 г. ў чыстыя месцы.