Назва вескі: РУДНЯ-ШЛЯГІНА

Месцазнаходжанне:

Вёска ў Свяцілавіцкім с/с, за 16 км.. на Пн ад Веткі, 36 км.. ад Гомеля, на р. Нёманка (прыток р. Сож), на У меліярацыйныя каналы. Транспартныя сувязі па прасёлачнай, потым аўтадарозе Свяцілавічы—Ветка.

Гістарычная даведка:

Па пісьмовых крыніцах вядома з 19 ст. як сяленне ў Рэчкаўскай вол. Беліцкага, з 1852 г. Гомельскага пав. Магілёўскай губ. З 1840 г. дзейнічала сукнавальня. Дваранка Шадурская мела тут у 1843 г. 371 дзес. зямлі. Паводле рэвізіі 1858 г. ва ўладанні памешчыцы Шулавічавай, 26 двароў, 212 жыхароў. Паводле перапісу 1897 г. 60 двароў, 444 жыхары, часоўня, хлебазапасны магазін (з 1880 г.). У вясковай школе ў 1907 г. было 58 вучняў. У 1909 г. ў Рэчкаўскай вол. Гомельскага пав., 64 двары, 486 жыхароў, 1175 дзес. зямлі, капліца, школа, млын. У 1926 г. 129 двароў, 626 жыхароў, паштовы пункт, пач. школа, хата-чытальня. З 8.12.1926 г. да 16.7.1954 г. цэнтр Руднешлягінскага с/с Свяцілавіцкага, з 4.8.1927 г. Веткаўскага, з 12.2.1935 г. Свяцілавіцкага р-наў Гомельскай (да 26.7.1930 г.) акр., з 20.2.1938 г. Гомельскай вобл. Вёска поўнасцю складалася з польскіх сямей. У 1929 г. арганізаваны калгас «Чырвоны шлях», працавалі вятрак (з 1929 г.) і кузня. У Вял. Айч. вайну ням. акупанты спалілі 37 двароў. На франтах загінулі 63 вяскоўцы. Паводле перапісу 1969 г. 361 жыхар. Уваходзіла ў склад саўгаса «Рэчкі» (цэнтр — в. Рэчкі). Дзейнічалі б-ца, магазін. Перад аварыяй на ЧАЭС на 1.01.1986 г. у склад вёскі ўваходзіла 92 двары, пражывала 92 сям’і, колькасць чалавек 217, знаходзіўся 1 магазін, бібліятэка, ФАП. На 01.01.1990 г. 75 двароў, 147 жыхароў, з іх 59 працуючых, 22 дзяцей (да 15 гадоў), 66 пенсіянераў.

Звесткі аб помніках прыроды, гісторыі, культуры:

Паселішча 1. За 1.5 км. на паўднёвы захад ад вёскі, на схіле пясчанага ўзгорка памерам 300х350 м. Адкрыў у 1926 г., даследаваў у 1954 г. К.М. Палікарповіч, абследавала ў 1976 г. А.Г. Калечыц. Знойдзена ляпная кераміка, упрыгожаная грабеньчатым, ямачным і лапчастым арнаментам, крамянёвыя прылады працы і зброя (наканечнікі стрэл, скрабкі, нуклеусы і інш.). Адносіцца да верхнедняпроўскай культуры неаліту, датуецца 3-м тысячагоддзем да н.э.

Паселішча 2. За 2 км на поўдзень ад вёскі, на невысокім прадаўгаватым узгорку пмерам 500х150 м, каля р. Сож. Адкрыў і даследаваў у 1926 г. К.М. Палікарповіч, даследавалі ў 1954 г. К.М. Палікарповіч і Я.Г. Краскоўская, у 1962-1964 гг. І.І. Арцёменка і І.М. Цюрына. Ускрыта 1846 кв.м. Культурны пласт 0,3–0,4 м. Знойдзены фрагменты посуду з грабеньчата-ямачным арнаментам, сякеры, скрабкі, нажы, наканечнікі стрэл. Адносіцца да верхнедняпроўскай культуры неаліту, датуецца 3-м тысячагоддзем да н.э. Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Дзяржаўным музеі Беларусі і ў Інстытуце археалогіі АН СССР.

Могільнік. На паселішчы 2. Адкрыў у 1926 г. К.М. Палікарповіч, даследавалі ў 1954 г. К.М. Палікарповіч і Я.Г. Краскоўская, у 1962–1964 гг. І.І. Арцёменка і І.М. Цюрына. Даследаваны 94 пахаванні. Пахавальны абрад – трупаспаленне (толькі ў адной магільнай яме – трупапалажэнне). Знойдзены рэшткі посуду з шнуравым і наразным арнаментам, крамянёвыя прылады працы, наканечнікі стрэл, нажы, сякеры, бурштынавыя ўпрыгожанні. Адносіцца да сярэднедняпроўскай культуры бронзавага веку, датуецца 2-м тысячагоддзем да н.э. Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Дзяржаўным музеі Беларусі, Інстытуце гісторыі АН БССР і Інстытуце археалогіі АН СССР.

Звесткі аб знакамітых ураджэнцах:

Кацуба Пятр Мікалаевіч (1908-1980 гг.). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, вызваляў Польшчу, штурмаваў Берлін. Закончыў Магілёўскі палітэхнікум. Працаваў сакратаром Рудня-Шлягінскага сельсавета, загадчыкам хаты-чытальні, старшынёй Хрыпялёўскага сельсавета Магілёўскага раёна, на гаспадарчай і партыйнай рабоце ў Гомелі, потым першым сакратаром Свяцілавіцкага, Журавіцкага, Веткаўскага райкомаў партыі, дырэктарам саўгасаў “Хальч” і “Веткаўскі”. Узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, ордэнамі Чырвонай Зоркі, Працоўнага Чырвонага сцяга, медалямі, бронзавым медалём ВДНГ СССР. З 1968 г. на пенсіі.

Кацуба Станіслаў Казіміравіч (нар. ў 1918 г.). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Закончыў Гомельскі педагагічны інстытут імя В.П. Чкалава. З 1936 г. настаўнік. Аўтар зборніка вершаў для дзяцей “На палянцы чабаровай”, пераклаў на рускую мову вершы Дз. Кавалёва.

Звесткі аб адсяленні:

У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджання жыхары пераселены ў 1992 г. ў чыстыя месцы.

Звесткі аб бібліятэцы:

Кніжны фонд: 3160

Колькасць чытачоў: 301

Дата закрыцця:  01.01.1991 – 31.12.1991

Бібліятэкар, які праводзіў закрыццё: Аўсейкаў Васіль Іванавіч

№ дакумента: Заключэнне штаба ГА і ўрача санстанцыі ў 1991 г.