Назва вескі: НОВЫЯ ГРАМЫКІ
Месцазнаходжанне:
Вёска ў Неглюбскім с/с, за 21 км. на ПнУ ад Веткі, 43 км. ад Гомеля, 37 км. ад чыг. ст. Добруш (на лініі Гомель—Выткаў), на р. Беседзь (прыток р. Сож); на Пд і Пн мяжуе з лесам. Побач аўтадарога Свяцілавічы—Гомель.
Гістарычная даведка:
Па пісьмовых крыніцах вядома з 17 ст. як аколіца ў Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. У 1726 г. 21 двор. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) у складзе Рас. імперыі. З 1800 г. дзейнічалі сукнавальня і млын. Гаспадар фальварка меў тут 208 дзес. зямлі, якія дасталіся ў спадчыну ў 1836 г. Цераз р. Беседзь дзейнічала пераправа. У 1868 г. ЮЗ двары, 613 жыхароў. З 1877 г. дзейнічала царква Раства Багародзіцы. У 1880 г. адкрыта нар. вучылішча (у 1889 г. 32 вучні). Паводле перапісу 1897 г. ў Рэчкаўскай вол. Гомельскага пав. Магілёўскай губ. 165 двароў, 909 жыхароў, 2 кузні, 3 ветракі, лаўка, піцейны дом. У 1926 г. 187 двароў, хата-чытальня, паштовы пункт, пач. школа. З 8.12.1926 г. цэнтр Новастараграмыцкага, затым Новаграмыцкага с/с Свяцілавіцкага, з 4.8.1927 г. Веткаўскага, з 25.12.1926 г. Гомельскага, з 6.1.1965 г. Веткаўскага р-наў Гомельскай акр. (да 26.7.1930 г.), з 20.2.1938 г. Гомельскай вобл. У 1929 г. створаны калгас «Новае жыццё», а у 1930 г. другі калгас — «Гарадок». Працавалі лапцеплётная арцель, вятрак і кузня. У Вял. Айч. вайну 137 вяскоўцаў загінулі на франтах. Паводле перапісу 1959 г. 390 жыхароў. Была цэнтрам саўгаса «Брамнікі». Размяшчаліся 8-гадовая школа, клуб, б-ка, фельч.-акушэрскі пункт, аддз. сувязі, магазін. У склад Новаграмыцкага с/с да 1947 г. ўваходзілі в. Аляксандраў, да 1968 г. пас. Грознае (не існуюць). Перад аварыяй на ЧАЭС у склад вёскі на 1.01.1986 г. уваходзіла 169 двароў, пражывала 169 сем’яў, 500 жыхароў. Размяшчаліся 8-гадовая школа, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, магазін. На 1.01.1990 г. 120 двароў, 315 жыхароў, з іх 127 працуючых, 95 дзяцей (да 15 гадоў), 79 пенсіянераў.
Звесткі аб помніках прыроды, гісторыі, культуры:
Гарадзішча. За 1 км. на поўнач ад вёскі, ва ўрочышчы Гарадок, на мысе карэннага левага берага р. Бесядзь. Пляцоўка чатырохвугольнай формы, памерам 45х68 м, з паўднёвага і ўсходняга бакоў умацавана валам вышынёй да 4 м. У паўночнай частцы гарадзішча пляцоўка паніжаецца. Вядома з 1910 г. па звестках Е.Р. Раманава, абследавала ў 1975 г. С.М. Васільева. Культурны пласт у агаленнях да 0,4 м. Знойдзена вялікая колькасць ляпной керамікі. Раскопкі не праводзіліся.
Могільнік. За 2 км. на поўдзень ад вёскі, ва ўрочышчы Грамышчына ці Бугры, абапал дарогі на в. Барталамееўка, 4 насыпы вышынёй 1 і 1,7 м, дыяметрам 4 і 10 м. Вядомы з 1910 г., абследавала ў 1975 г. С.М. Васільева. Раскопкі не праводзіліся.
Паселішча 1. За 0,2 км. на паўднёвы захад ад вёскі, на ўчастку першай надпоймавай тэрасы левага берага р.Бесядзь, ва ўрочышчы Аўрамаў Бугор. Даследавала ў 1977 – 1981 гг. А.Г. Калечыц. У час раскопак выяўлены рэшткі 2 паўзямлянак, якія размяшчаліся па адной лініі. Ніжнія часткі іх круглыя ў плане, дыяметрам больш за 2 м, заглыблены ў мацярык на 0,5 і 0,7 м. У цэнтры аднаго з жытлаў выяўлены сляды адкрытага агнішча і крамянёвыя вырабы: наканечнікі стрэл, скрабкі, разцы, ножападобныя пласціны з рэтушшу і без яе, нуклеусы і інш. Межы наземных частак жытлаў не вызначаны. Каля жытлаў знойдзена вялікая колькасць адкрытых агнішчаў. Адносяцца да позняга мезаліту (7-5-е тысячагоддзі да н.э.).
Паселішча 2. За 2 км. на паўднёвы захад ад вёскі, ва ўрочышчы Грамышчына, каля левага берага р. Бесядзь. Памер 200х100 м. Абследавала ў 1978 – 1979 гг. А.Г. Калечыц. Культурны пласт 0,1 м. На паверхні сабрана многа крамянёвых прылад працы (нуклеусы, скрабкі, разцы, рэтушоры, наканечнікі стрэл і інш.), фрагменты ляпных пасудзін. Адносіцца да каменнага і бронзавага вякоў. Раскопкі не праводзіліся. Матэрыялы раскопак і абследавання паселішчаў захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.
Помнік землякам. На цэнтральнай сядзібе саўгаса “Грамыкі”. На ўшанаванне памяці 213 землякоў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Адкрыты ў 1988 г.
Звесткі аб знакамітых ураджэнцах:
Буйневіч Павел Мікалаевіч(15.10.1912-1995), Герой Савецкага Саюза (27.02.1945). У Чырвонай Арміі ў 1934 – 1940 гг. і з 1941 г. Удзельнік вызвалення Заходняй Беларусі ў 1939 г., савецка-фінляндскай вайны. Летам 1941 г. у складзе зенітнага дывізіёна ўдзельнічаў у абароне Гомеля. Потым змагаўся ў партызанскім атрадзе імя Дз. Пажарскага. З восені 1943 г. ваяваў на Беларускім, 1-м і 2-м Беларускіх, 1-м Украінскім, 1-м і 3-м Прыбалтыйскіх франтах. Удзельнік вызвалення Гомеля, Пінска. Камандзір гарматы сяржант П. М. Буйневіч вызначыўся ў студзені 1945 г. пад час прарыву варожай абароны на правым беразе Віслы. Яго разлік знішчыў 8 варожых агнявых кропак і каля 45 гітлераўцаў. Пасля вайны працаваў старшынёй калгаса ў Гомельскай вобласці. У 1948-1968 гг. служыў у Савецкай Арміі. Пахаваны ў Ветцы.
Брундукоў Васіль Данілавіч (нар. у 1928 г. у в. Сенавец Уваравіцкага раёна Гомельскай вобласці). Закончыў Гомельскі педагагічны інстытут, з 1952 г. настаўнік, дырэктар Новаграмыцкай, Шарсцінскай васьмігадовых школ. Званне “Заслужаны настаўнік БССР" прысвоена ў 1972 г.
Грамыка Кірыл Яфімавіч (нар. у 1931 г.). У 1927 г. закончыў пачатковую школу, вучыўся ў Яромінскай школе сялянскай моладзі. На апошнім годзе вучобы ў складзе групы выдатнікаў яго накіроўваюць на падрыхтоўчы курс Гомельскага аграпедагагічнага інстытута. У 1932 г. ён студэнт інстытута. Вучыўся выдатна. Быў лаўрэатам персанальнай стыпендыі імя А. М. Горкага. У 1936 г. закончыў інстытут, працуе настаўнікам хіміі ў школе ФЗН пры шклозаводзе ў г. п. Касцюкоўка, з 1938 г. у Чырвонай Арміі. Пасля заканчэння авіятэхнічнай школы ў званні малодшага тэхніка-лейтэнанта яго накіроўваюць у 21-ы авіябамбардзіровачны полк. У складзе палка К. Я. Грамыка ўдзельнічае ў савецка-фінляндскай вайне. Дэмабілізаваўшыся з арміі, працуе метадыстам Бялыніцкага райана Магілёўскай вобласці. У чэрвені 1941 г. прызваны ў Чырвоную Армію – тэхнік звяна эскадрыллі самалётаў паветрана-дэсантнага корпуса. Эскадрылля вяла актыўныя баявыя дзеянні на Сталінградскім фронце. У складзе войск 5-й паветранай арміі К. Я. Грамыка ўдзельнічае ў вызваленні Украіны, Малдавіі, Румыніі, Венгрыі, Чэхаславакіі, Аўстрыі. Дэмабілізаваўся ў студзені 1946 г. Працаваў на Кубані настаўнікам хіміі. Неўзабаве пераехаў на Веткаўшчыну. Працаваў настаўнікам хіміі і біялогіі ў Веткаўскай СШ №1, а затым дырэктарам Барталамееўскай школы. Узнагароджаны ордэнамі і медалямі, значком “Выдатнік народнай асветы БССР”.
Звесткі аб адсяленні:
У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджання жыхары пераселены ў 1992 г. ў чыстыя месцы.
Звесткі аб бібліятэцы:
Кніжны фонд: 5711
Колькасць чытачоў: 252
Дата закрыцця: 01.01.1991 – 31.12.1991
Бібліятэкар, які праводзіў закрыццё: Грамыка Тамара Савельеўна
№ дакумента: Заключэнне штаба ГА і гал. урача ў 1991 г.