Назва вескі: НОВАІВАНАЎКА

Месцазнаходжанне:

Вёска ў Свяцілавіцкім с/с, за 10 км. на Пн ад Веткі. 32 км. ад Гомеля, на р. Беседзь (прыток р. Сож), на З і Пн мяжуе з лесам. Транспартныя сувязі па прасёлачнай, потым аўтадарозе Свяцілавічы—Гомель.

Гістарычная даведка:

Па пісьмовых крыніцах вядома з пач. 16 ст. як вёска Галодная (да 1924 г.). Упамінаецца ў 1503, 1525—1527 гг. у матэрыялах аб канфліктах паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) у складзе Рас. імперыі. Значную частку жыхароў складалі стараверы. Паводле перапісу 1897 г. 33 двары, 207 жыхароў, стараверскі малітоўны дом, хлебазапасны магазін. У 1909 г. ў Рэчкаўскай вол. Гомельскага пав. Магілёўскай губ., 36 двароў, 302 дзес. зямлі, царква, млын. У 1926 г. ў Беседскім с/с Веткаўскага р-на Гомельскай акр. 56 двароў, 246 жыхароў. У 1929 г. арганізаваны калгас. 9 вяскоўцаў загінулі на франтах Вял. Айч. вайны. Паводле перапісу 1959 г. 101 жыхар. Уваходзіла ў склад саўгаса «Зарэчны» (цэнтр — в. Гарысты). Перад аварыяй на ЧАЭС у склад вёскі ўваходзіла на 01.01.1986 г. 21 двор, пражывала 21 сям’я, колькасць чалавек 32. На 01.01.1990 г. 16 двароў, 21 жыхар, з іх: 5 працуючых, 16 пенсіянераў. 

Звесткі аб помніках прыроды, гісторыі, культуры:

Гарадзішча мілаградскай культуры (2 км. на Пд ад вёскі, ва ўрочышчы Гарадок, на мысе правага берага ракі). Гарадзішча з трох бакоў абмежавана поймай ракі. Даўжыня пляцоўкі 98 м, шырыня 18-52 м. У паўночнай частцы захаваліся 2 валы вышынёй да 2 м, шырынёй да 5 м, паміж імі прасочваецца роў глыбінёй да 3 м. У паўднёвай частцы – рэшткі 3 валаў вышынёй да 2 м, шырынёй да 4 м. Вядома з 1910 г., абследавала ў 1976 г. С.М. Васільева. Культурны пласт у агаленнях 0,3 м. У ім знойдзены фрагменты ляпной керамікі мілаградскай культуры. Матэрыялы абследавання захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі АН БССР.

Звесткі аб знакамітых ураджэнцах:

В.М. Гладкоў, Герой Сац. працы. Пачаў працоўную дзейнасць у 1945 г. матросам у Гомельскім порце. З 1967 г. капітан скораснага цеплахода “Сцяпан Шутаў”. Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Званне Героя Сацыялістычнай Працы атрымаў 4 мая 1975 г.

Звесткі аб адсяленні:

У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджання жыхары (20 сямей) пераселены ў 1996 г. ў чыстыя месцы.