Назва вескі: НЕСЦЕРАЎКА

Месцазнаходжанне:

Вёска ў Свяцілавіцкім с/с, за 23 км. на Пн ад Веткі, 44 км. ад Гомеля, на У мяжуе з лесам. Транспартныя сувязі па прасёлачнай, потым аўтадарозе Свяцілавічы—Гомель.

Гістарычная даведка:

Па пісьмовых крыніцах вядома з пач. 19 ст. як сяленне ў Рагачоўскім пав. Магілёўскай губ. Па рэвізіі 1816 г. 19 двароў. З 1835 г. дзейнічалі сукнавальня і цагельня. У 1858 г. 39 двароў, 313 жыхароў. З 1880 г. працаваў хлебазапасны магазін. Паводле перапісу 1897 г. вёска (45 двароў, 324 жыхары, хлебазапасны магазін, кузня) і фальварак (З двары, 17 жыхароў, вятрак, сукнавальня, кузня), у Рэчкаўскай вол. Гомельскага пав. Магілёўскай губерні. У 1909 г. 43 двары, 343 жыхары, 475 дзес. зямлі, млын. У 1926 г. 60 двароў, 275 жыхароў, паштовы пункт, школа. З 8.12.1926 г. да 30.12.1927 г. цэнтр Малкаванесцераўскага с/с Свяцілавіцкага, з 4.8.1927 г. Веткаўскага р-на Гомельскай акр. У 1930 г. арганізаваны калгас. 12 вяскоўцаў загінулі на франтах Вял. Айч. вайны. Паводле перапісу 1959 г. 113 жыхароў. Уваходзіла ў склад саўгаса «Усходні» (цэнтр — в. Акшынка). Перад аварыяй на ЧАЭС у склад вёскі ўваходзіла на 01.01.1986 г. 24 двары, пражывала 24 сям’і, колькасць чалавек 52. На 01.01.1990 г. 14 двароў, 24 жыхары, з іх 10 працуючых, 1 дзіця (да 15 гадоў), 13 пенсіянераў.

Звесткі аб адсяленні:

У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджання жыхары пераселены ў 1991 г. ў чыстыя месцы.