Назва вескі: РАЖАВА

Месцазнаходжанне:

Вёска ў Вербавіцкім с/с, за 35 км. на ПдУ ад Нароўлі, 60 км. ад чыг. ст. Ельск (на лініі Калінкавічы—Оўруч), 214 км. ад Гомеля, на тэр. Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, на р. Ражава (прыток р. Прыпяць). Транспартныя сувязі па прасёлачнай, а затым аўтадарозе Дзёрнавічы—Нароўля.

Гістарычная даведка:

Па пісьмовых крыніцах вядома з пач. 19 ст., калі тут працавала рудаплавільня, якая належала правадзейнаму тайнаму саветніку Я. Сіверсу. У 1825 г. вёску купіў С.І. Горват. У 1834 г. 18 двароў, у Дзёрнавіцкай вол. Рэчыцкага пав. Мінскай губ. У 1908 г. 41 двор, 263 жыхары. У 1918 г. адкрыта школа, якая размяшчалася ў наёмнай сял. хаце. У 1931 г. арганізаваны калгас «Шлях Ільіча», працавала кузня. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. акупанты загубілі 10 жыхароў. 24 вяскоўцы загінулі на фронце. Паводле перапісу 1959 г. 196 жыхароў, у 1986 г. 54 двары, 115 жыхароў. Была ў складзе саўгаса «Прыпяць» (цэнтр — в. Даўляды). Каля вёскі залежы гліны і жалезнякоў.

Звесткі аб помніках прыроды, гісторыі, культуры:

Мезалітычнае паселішча, якое датуецца 8—7 ст. да н.э.

Звесткі аб адсяленні:

У сувязі з радыяцыйным забруджаннем пасля Чарнобыльскай катастрофы жыхары (54 сям’і) пераселены ў 1986 г. ў чыстыя месцы, пераважна ў в. Кругавіны Калінкавіцкага р-на (распараджэнне СМ БССР № 418-рс ад 20.06.86).

Звесткі аб бібліятэцы:

Дата адкрыцця: 01.01.1926 – 31.12.1926

Дата закрыцця: 24.09.1986

№ дакумента: Загад № 16 ад 24.09.1986 г. па Нараўлянскай ЦБС