Назва вескі: ДАЎЛЯДЫ
Месцазнаходжанне:
Вёска ў Вербавіцкім с/с, за 52 км. на ПдУ ад Нароўлі, 65 км. ад чыг. ст. Ельск (на лініі Калінкавічы— Оўруч), 160 км. ад Гомеля, на тэр. Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, на У — пойма і р. Прыпяць (прыток р. Дняпро). Аўтадарога звязвае вёску з Хойнікамі.
Гістарычная даведка:
Па пісьмовых крыніцах вядома з 17 ст. як вёска ў Мазырскім пав. Мінскага ваяв. У 1648—51 гг. каля вёскі адбываліся сутычкі харугваў ВКЛ з паўстанцкімі атрадамі. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Рас. імперыі. У 1834 г. 64 двары, ва ўладанні двараніна Горвата. З 1897 г. дзейнічала паромная пераправа і смалакурня. У 1908 г. 74 двары, 544 жыхары і прыстань на Прыпяці, у Дзёрнавіцкай вол. Рэчыцкага пав. Мінскай губ. З 20.8.1924 да 1927 г. цэнтр Даўлядоўскага с/с Нараўлянскага, з 25.12.1962 г. Ельскага, з 6.1.1965 г. Нараўлянскага р-на Мазырскай (да 26.7. 1930 і з 21.6.1935 да 20.2.1938) акругі, з 20.2.1938 г. Палескай, з 8.1.1954 г. Гомельскай вобл. У 1929 г. арганізаваны калгас, працавала школа, паштовае аддзяленне. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. акупанты загубілі 28 жыхароў. У баях за вёску ў ліст. 1943 г. загінулі 10 воінаў (пахаваны ў брацкай магіле ў цэнтры вёскі). Вызвалена 30.11.1943 г. На фронце загінулі 70 вяскоўцаў. Паводле перапісу 1959 г. 498 жыхароў, у 1986 г. 183 двары, 474 жыхары. Была цэнтрам саўгаса «Прыпяць». Размяшчаліся 8-гадовая школа, Дом культуры, б-ка, фельч.-акушэрскі пункт, аддз. сувязі, швейная майстэрня, магазін.
Звесткі аб помніках прыроды, гісторыі, культуры:
Рэшткі стаянкі бронз. веку і селішча жалез. веку і пазнейшага часу (за 1,5 км. на Пн ад вёскі).
Звесткі аб адсяленні:
У сувязі з радыяцыйным забруджаннем пасля Чарнобыльскай катастрофы жыхары (183 сям’і) пераселены ў 1986 г. ў чыстыя месцы, пераважна ў в. Варатын Калінкавіцкага р-на (распараджэнне СМ БССР № 418-рс ад 20.06.86).
Звесткі аб бібліятэцы:
Адсутнічаюць.