Назва вескі: РЭЧКІ

Месцазнаходжанне:

Вёска ў Свяцілавіцкім с/с, за 20 км.. на Пн ад Веткі, 42 км.. ад Гомеля, на р. Нёманка (прыток р. Сож), мяжуе з тарфяным заказнікам, на Пд меліярацыйныя каналы. Транспартныя сувязі па прасёлачнай, потым аўтадарозе Свяцілавічы—Гомель.

Гістарычная даведка:

Па пісьмовых крыніцах вядома з пач. 18 ст. як сяленне ў Чачэрскім старостве Рэчыцкага пав. Мінскага ваяв. У 1704 г. 5 дымоў і рудня, у Вотарскім войтаўстве. Пазней вёска стала цэнтрам дзяржавы, якая ў 1765 г. аб’ядноўвала З вёскі з 31 гаспадаркай. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) у складзе Рас. імперыі. У 1775 г. 30 двароў. У 1785 г. 105 жыхароў, у валоданні А.В.Васільева. У 1848 г. ў складзе 2 другіх вёсак і фальварка ўваходзіла ў аднайменны маёнтак памешчыцы Бычкоўскай. Значную частку жыхароў складалі стараверы. З 1859 г. дзейнічала царква. Дваранін Пячкоўскі меў у вёсцы ў 1860 г. 174 дзес. зямлі, а ў 1872 г. — 2000 дзес. зямлі, вадзяны млын і сукнавальню. У 1886 г. 63 двары, 311 жыхароў, царква, вятрак, нар. вучылішча (у 1889 г. 25 вучняў). У склад Рэчкаўскай вол., цэнтрам якой з’яўлялася вёска (да 9.5.1923 г.), уваходзілі ў 1890 г. 35 сяленняў з агульнай колькасцю 918 двароў. Паводле перапісу 1897 г. сяло (89 двароў, 591 жыхар), царква (драўляная), нар. вучылішча, хлебазапасны магазін (з 1880 г.), крупарушка, вятрак, вінная лаўка, карчма і фальварак (5 двароў, 21 жыхар). У 1909 г. 107 двароў, 697 жыхароў, 830 дзес. зямлі, у маёнтку 2899 дзес. зямлі. Мелася паштовае аддз. Летам 1918 г. ў час герм. акупацыі вяскоўцы стварылі партыз. атрад, які змагаўся супраць ням. войск. Перад аварыяй на ЧАЭС на 1.01.1986г. уваходзіла 233 двары, пражывала 233 сям’і, 647 жыхароў. Размяшчаліся цагельня, вінзавод, лясніцтва, пякарня, швейная майстэрня, сярэдняя школа, клуб, бібліятэка, дзіцячыя яслі-сад, аптэка, ветэрынарны ўчастак, аддзяленне сувязі, гасцініца, сталовая, 3 магазіны. На 1.01.1990г. 182 двары, 509 жыхароў, з іх: 254 працуючых, 136 дзяцей (да 15 гадоў), 119 пенсіянераў. 

Звесткі аб помніках прыроды, гісторыі, культуры:

Брацкая магіла савецкіх воінаў. У цэнтры вёскі. Пахаваны 68 воінаў, у т. л. воіны 287-й стралковай дывізіі, якія загінулі ў 1943 г. ў баях за вызваленне раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1953 г. на магіле пастаўлены абеліск, у 1987 г. – рэстаўрыраваны.

Брацкая магіла савецкіх воінаў. На могілках. Пахаваны 66 воінаў, у т. л. воіны 287-й стралковай дывізіі, якія загінулі ў 1943 г. ў баях за вызваленне раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1953 г. на магіле пастаўлены абеліск, у 1987 г. – рэстаўрыраваны.

Помнік землякам. Каля будынка выканкома сельсавета. На ўшанаванне памяці 287 воінаў, партызан і мірных жыхароў Рэчкаўскага сельсавета, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. У 1975 г. пастаўлены помнік – скульптура жанчыны з вянком у руках і сцяна з імёнамі загінуўшых.

Звесткі аб знакамітых ураджэнцах:

Ксяндзоў Рыгор Васільевіч (нар. 3.04.1916г.). Герой Савецкага Саюза (15.05.1946). Скончыў Гомельскі заатэхнікум (1937), Краснадарскае ваеннае авіцыйнае вучылішча (1940), Разанскую вышэйшую авіяцыйную школу (1942), Вышэйшую афіцэрскую школу (1952). На фронце з 1941 г. Удзельнік абароны Масквы, Сталінградскай бітвы, прарыву блакады Ленінграда, Беларускай аперацыі 1944 г., вызвалення Прыбалтыкі, Украіны, Польшчы, штурму Берліна. Штурман бамбардзіровачнай эскадрыллі далёкага дзеяння капітан Ксяндзоў зрабіў 255 баявых вылетаў, з іх 24 да партызан Беларусі. Да 1961 г. у Савецкай Арміі, палкоўнік. Жыве ў Мінску.

Новікава Клаўдзія Іванаўна (1921-1979 гг.). Закончыла Гомельскі педагагічны інстытут, з 1939 г. настаўніца пачатковых класаў, завуч дзіцячых дамоў Лоеўскага раёна, г. Гомеля і Рэчыцы, настаўніца рускай мовы і літаратуры Радужскай сямігадовай школы. Званне “Заслужаны настаўнік БССР” прысвоена ў 1968 г.

Звесткі аб адсяленні:

У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджання жыхары пераселены ў 1992 г. ў чыстыя месцы.

Звесткі аб бібліятэцы:

Дата адкрыцця: 01.01.1955 – 31.12.1955

Кніжны фонд: 3032

Колькасць чытачоў: 413

Дата закрыцця: 01.01.1991 – 31.12.1991

Бібліятэкар, які праводзіў закрыццё: Лапіцкі Васіль Іванавіч

№ дакумента: Заключэнне штаба ГА і ўрача санстанцыі ў 1991 г.